Крыж з бэлек даху касцёла ў Мараўскай Новай Весі ў Чэхіі, знішчанага ў выніку нядаўняга тарнада, будзе змешчаны на палявым алтары, дзе Папа Францішак памоліцца падчас свайго запланаванага на верасень візіту ў Славакію.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, для вырабу крыжа будуць выкарыстаны два брусы даўжынёй шэсць і тры метры.
Рэсурс нагадвае, што ў выніку моцных бур і тарнада, якія прайшлі на поўдні Маравіі 24 чэрвеня, там загінулі як мінімум 3 чалавекі і 200 атрымалі раненні. Былі цалкам разбураны дзве вёскі.
У сувязі з гэтым Папа Францішак запэўніў у сваёй салідарнасці з народам паўднёва-ўсходняй Чэхіі.
«Малюся за загінулых і параненых, а таксама за тых, хто мусіў пакінуць свае моцна пашкоджаныя дамы», — сказаў Святы Айцец 27 чэрвеня пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі».
Як паведамлялася раней, Пантыфік будзе знаходзіцца ў Славакіі з 12 па 15 верасня.
Падобны крыж з пашкоджаных агнём у выніку пажару бэлек даху Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай быў усталяваны перад пацярпелай святыняй падчас сёлетняга фэсту ў Будславе.