Пошук

06.07.2021 14:00   Паводле: КАІ / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: pbs.twimg.com

У нядзелю 4 ліпеня пасля традыцыйнай малітвы «Анёл Панскі» Папа Францішак абвясціў, што ў верасні мае намер наведаць Венгрыю і Славакію.

«Я з радасцю паведамляю, што з 12 па 15 верасня гэтага года, калі дасць Бог, скіруюся ў Будапешт, а потым у Славакію.

У сталіцы Венгрыі пройдзе ўрачыстасць заканчэння Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэсу, а потым адбудзецца мой візіт у Славакію. Сардэчна дзякую ўсім, хто рыхтуе гэтае падарожжа, і малюся за іх», — сказаў Святы Айцец, словы якога перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

Прэс-служба Святога Пасаду падала інфармацыю, што Папа Францішак 12 верасня возьмі ўдзел у святой Імшы на заканчэнне 52-а Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэсу ў Будапешце. Папа прыбудзе ў сталіцу Венгрыі па запрашэнні дзяржаўных уладаў і тутэйшай Канферэнцыі біскупаў. Кіраўнік ватыканскай прэс-службы Матэо Бруні паведаміў, што потым, з 12 па 15 верасня, Святы Айцец скіруецца з візітам у Славакію, дзе наведае Браціславу, Прэшаў, Кошыцы і Шашцін-Стражэ. Дакладная праграма візіту будзе абнародавана ў бліжэйшы час.

Пакуль Ян Павел ІІ — адзіны папа, які наведваў Венгрыю (у 1991 і 1996 гадах). Ён таксмама павбываў у Славакіі ў 1990 годзе (тады яшчэ ў складзе Чэхаславакіі), а таксама ў 1995 і 2003 гадах.

Вестка пра планаваны візіт Папы Францішка была з энтузіязмам і радасцю ўспрынятая ў Венгрыі і Славакіі.

«Каталіцкая супольнасць вернікаў чакае прыезду Святога Айца з вялікай радасцю і ўзнёслымі пачуццямі. Мы молімся, каб яго візіт стаў для нас знакам надзеі і новым пачаткам пасля заканчэння пандэмічнага становішча», — сказаў Прымас Венгрыі кардынал Петэр Эрдзё, словы якога падае КАІ.

Венгерскі іерарх падкрэсліў значэнне асабістага ўдзелу Святога Айца ў заканчэнні 52-а Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэсу, паколькі зазвычай Папу на ім прадстаўляюць яго спецыяльныя пасланнікі — легаты. Апошні раз Папа асабіста прысутнічаў на такой падзеі 21 год таму: тады Ян Павел ІІ удзельнічаў у Эўхарыстычным кангрэсе, які праходзіў у Рыме.

Духоўна падрыхтавацца да папскага візіту заклікаў вернікаў сваёй краіны Старшыня Канферэнцыі біскупаў Славакіі арцыбіскуп Браціслаўскі Станіслаў Зваленскі.

«Гэта надзвычай радасная вестка, я вельмі ўсцешаны. Думаю, што многія з нас у гэтую хвіліну з вялікай радасцю вяртаюцца памяццю да візіту Святога Айца Яна Паўла ІІ.

Мы зноў можам сказаць, што наступнік апосталаў цяперашні Папа Францішак прыедзе ў Славакію. Гэтая вестка прыходзіць таксама ў сувязі з урачыстасцю нашых святых евангелізатараў Кірыла і Мятода [у Славакіі і Чэхіі адзначаецца 5 ліпеня — заўв. КАІ]. Менавіта яны навучылі нас паважаць Папу. Цяпер мы зможам зноў прывітаць наступніка апостала Пятра ў Славакіі, прыняць яго сярод нас.

Я прашу ўсіх распачаць духоўную падрыхтоўку, каб мы сапраўды маглі пачуць пасланне Папы Францішка.

Гэта пасланне адкрытасці на тых, хто церпіць, хто знаходзіцца на ўзбоччы грамадства, хто знаходзіцца ў той ці іншай матэрыяльнай або духоўнай патрэбе. Акрамя таго, гэта вялікі клопат пра дабро сям’і, вялікая ўвага да патрэбаў моладзі. Гэтыя тэмы дакладна знойдуць месца падчас візіту Папы Францішка ў Славакію. Я лічу, што ў гэтай сферы мы можам спадзявацца на вялікае духоўнае ўмацаванне», — сказаў славацкі іерарх, якога цытуе КАІ.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.