Пошук

08.07.2021 08:40   Паводле: КАІ / Catholic.by
Айцец Стэн Свамі SI. Фота: NDTV.com

Вестка пра тое, што 5 ліпеня ў вязніцы памёр айцец Стэн Свамі, 84-гадовы езуіт, фальшыва абвінавачаны ўладамі ў тэрарызме, выклікала хвалю абурэння ва ўсім свеце.

Як са спасылкай на Reuters паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, памерлы святар не быў ніяк звязаны з тэрарызмам, але проста змагаўся з пазбаўленнем карэнных народаў права на іх уласную зямлю. Эксперт ААН па правах чалавека Мэры Лоўлар назвала смерць айца Свамі «знішчэннем», дадаўшы, што зняволенне «гэтага вялікага абаронцы правоў чалавека было недаравальным».

У сваю чаргу спецпрадстаўнік Еўрасаюзу па правах чалавека Іман Гілмар напісаў, што «вельмі засмучаны смерцю гэтага абаронцы правоў карэнных народаў» Індыі. Ён таксама нагадаў, што «Еўрасаюз увесь час закранаў яго справу ў размовах з індыйскімі ўладамі».

У самой Індыі Нацыянальнае бюро расследванняў і МУС ніяк не каментуюць смерці праваабаронцы ў зняволенні.

Правінцыяльны настаяцель індыйскіх езуітаў айцец Джэрам Станіслаус Д’Суза, якога цытуе Associated Press, наступным чынам выказаўся пра свайго памерлага сабрата:

«Айцец Стэн дзейнічаў так, каб несці асвету ў свет і выдаліць з яго несправядлівасць. Улады лічаць, што яны перамаглі, паступова пазбавіўшы яго жыцця, аднак яго дух не перастане далей нас натхняць», — сказаў святар.

Апошнія хвіліны манаха перад смерцю ўзгадвае яго абаронца Міхір Дэсэй: «Ордэн езуітаў застаўся для яго адзінай сям’ёй, бо ўсе яго родныя памерлі раней. У вязніцы ён быў пазбаўлены магчымасці бачыцца з 15-ю іншымі абвінавачанымі па той самай справе, хоць іх утрымлівалі ў тым жа месцы. Перад смерцю ён сказаў:

„Мы надалей спяваем у адным хоры. Птушкі, зняволеныя ў клетцы, па-ранейшаму могуць спяваць“».

Індыйскія апазіцыйныя палітыкі лічаць, што ў адносінах да айца Стэна Свамі ўлады дзейнічалі «беззаконна і бесчалавечна», і заклікаюць прыцягнуць да адказнасці тых дзяржслужачых, якія сталі прычынаю гэтай трагедыі.

«Несумненна, гэта наша дзяржава, Індыя забіла айца Свамі — адданага змагара за правы чалавека», — кажа Яітрам Рамэш з Індыйскага нацыянальнага кангрэсу, галоўнай апазіцыйнай партыі ў краіне. Гэтак жа лічаць многія прадстаўнікі індыйскай інтэлігенцыі. Так, вядомы гісторык Рамачандра Гуха назваў смерць езуіта-праваабаронцы «судовым забойствам чалавека, які ўсё сваё жыццё змагаўся за дабро людзей, пазбаўленых сродкаў да існавання і сістэматычна прыгнятаных».

Абноўлена 13.07.2021 10:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця