Пошук

30.06.2021 18:09   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Noel Celis / AFP

У Ганконгу хрысціяне (і не толькі) занепакоеныя Законам аб нацыянальнай бяспецы, які быў навязаны Пекінам і ўступіў у сілу ў гэтым спецыяльным адміністрацыйным раёне Кітая 30 чэрвеня мінулага года.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у сувязі з дзеючым ужо год у Ганконгу «Законам аб бяспецы» атмасфера страху запанавала не толькі сярод хрысціянаў. «Вялікую занепакоенасць выклікае усё большая страта свабоды і вяршэнства закона», — сказала нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA Катарына Файт са штоквартальнага часопіса China heute, які выдаецца вербістамі ў Санкт-Аўгустыне (Германія).

Журналістка China heute адзначыла, што асноўныя злачынствы, пералічаныя ў законе, а менавіта «сепаратызм, пераварот, тэрарызм і супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі», можна трактаваць вельмі шырока.

«З таго часу, як ён уступіў у сілу, было праведзена шмат арыштаў дэмакратычных актывістаў, у тым ліку многіх хрысціянаў», — заўважыла Файт.

Акрамя гэтага, рэлігійныя супольнасці баяцца за аўтаномію сваіх школ. Міністэрства адукацыі загадала школам ўстрымацца ад любой палітычнай дзейнасці.

«Далейшыя наступствы будуць залежаць ад таго, у якой ступені цэнтральны ўрад у Пекіне разглядае ганконскіх хрысціянаў як пагрозу», — сказала Файт. Напрыклад, існуе пытанне аб тым, ці будзе ў будучыні магчымы крымінальны пераслед за казанні, ці будуць уведзеныя абмежаванні на дзейнасць замежных місіянераў. Ім, напрыклад, можа быць прад-яўлена абвінавачванне ў «супрацоўніцтве з замежнымі сіламі ў мэтах пагрозы нацыянальнай бяспецы».

Заклапочанасць выклікае і супярэчлівы закон аб іміграцыі, які ўступае ў сілу 1 жніўня і дае ўладам вельмі шырокія паўнамоцтвы забараняць людзям уезд у краіну і выезд з яе.

«Гэта падымае пытанне аб тым, наколькі Ганконг зможа ў будучыні заставацца месцам сустрэчы вернікаў кітайскага касцёла з усяго свету», — адзначыла суразмоўца KNA.

У той жа час яна дала станоўчую ацэнку нядаўна прызначанага біскупа Ганконга Стэфану Джоў Шаўрэну. «Езуіт хоча дыялогу, але ён таксама не баіцца закранаць і спрэчныя, і палітычныя пытанні. Паходзячы з Ганконга, іерарх добра ведае сітуацыю, ён адданы справе моладзі і адукацыі, мае рэпутацыю чалавека дыялогу і баланса, а таксама духоўна моцнай асобы», — сказала Кацярына Файт, дадаўшы, што «гэта менавіта тое, што неабходна ў глыбока падзеленым грамадстве і Касцёле».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.