Арыштаваны ў Ганконгу 90-гадовы кардынал Юзаф Чэнь позна ўвечары 11 мая быў вызвалены.
Кардынал Чэнь, які належыць да салезіянскага таварыства, быў біскупам дыяцэзіі Ганконга з 2002 па 2009 год.
Як паведамляе Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх быў затрыманы аддзелам паліцыі, які займаецца дзяржаўнай бяспекай, па абвінавачванні ў «змове з замежнымі сіламі», што звязана з яго дзейнасцю ў дабрачыннай арганізацыі 612 Humanitarian Relief Fund. Кардынала вызвалілі пад задатак каля 23-й гадзіны па мясцовым часе.
«Святы Пасад з занепакоенасцю ўспрыняў навіну пра затрыманне кардынала Чэня і з найбольшай увагай назірае за развіццём сітуацыі», — сказаў кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні ў адказ на пытанне журналістаў.
Кардынала Чэня затрымалі ў аўторак увечары для допыту. Іерарха абвінавачваюць у «змове з замежнымі сіламі» ў сувязі з яго роляй адміністратара дабрачыннай арганізацыі 612 Humanitarian Relief Fund — фонда, які аказваў падтрымку тым, хто ўдзельнічаў у выступах за дэмакратыю, і дапамагаў ім у пакрыцці выдаткаў на юрыдычныя паслугі і лячэнне.
Кардынал Чэнь раней не раз выступаў з крытыкай камуністычнай партыі Кітая за ўціск і пераслед рэлігійных арганізацый.
Каталіцкі іерарх быў адным з давераных адміністратараў гэтай арганізацыі, створанай у 2019 годзе, якая спыніла сваю дзейнасць у кастрычніку мінулага года. Акрамя кардынала, улады арыштавалі яшчэ трох кіраўнікоў фонда, сярод якіх адвакат, экс-дэпутат ад апазіцыі і акадэмік. Іх затрыманне пацвердзілі ўлады Ганконга Як паведамляе мясцовая прэса, іх таксама абяцаюць выпусціць пад задатак.