Пошук

11.06.2021 11:11   Catholic.by
Базыліка Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Кракаве. Фота: Henryk Przondziono / Gosc

11 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Старшыня польскага епіскапату арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі здзейсніць у Кракаве аднаўленне акту прысвячэння польскага народа Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Кароткі гістарычны агляд гэтай падзеі прапануе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

Ідэя падобнага прысвячэння звязана з аб’яўленнямі святой Маргарыце Марыі Алякок (1647–1690), французскай законніцы з супольнсці візітак. У містычных бачаннях Езус паказаў ёй сваё Сэрца, якое прагне любові людзей, і пажадаў, каб у Касцёле было ўстаноўлена свята на ўшанаванне Яго Сэрца ў першую пятніцу пасля актавы Божага Цела. Сястра Маргарыта Марыя і яе спаведнік ксёндз Клод ла Каламб’ер першымі ахвяравалі сябе Божаму сэрцу, а пазней склалі малітвы аддання, паклаўшы такім чынам пачатак працэсу асабістага прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса.

Праз сто гадоў гэтыя аб’яўляенні былі прызнаныя Святым Пасадам.

Літургічнае свята Боскага Сэрца Пана Езуса разам з фармулярам святой Імшы і Літургіі гадзінаў увёў у 1765 годзе Папа Клімэнт ХІІІ як прывілей для тагачаснай Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла тады практычна ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі, а таксама для Брацтва Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Рыме. Гэтаму паспрыялі польскія біскупы, якія скіравалі адмысловы ліст да Папы, паколькі на польскіх і на нашых землях гэты культ развіваўся ўжо раней.

У 1856 годзе Папа Пій ІХ зрабіў урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса абавязковай ва ўсім свеце. Маргарыта Марыя Алякок была абвешчана благаслаўлёнай, а ў 1920 годзе Папа Бэнэдыкт XVI абвясціў французскую законніцу, візіянерку Божага Сэрца, святой.

11 чэрвеня 1899 года, перад Юбілейным 1900 годам, Папа Леў ХІІІ прысвяціў увесь чалавечы род Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса.

27 ліпеня 1920 года перад абліччам пагрозы з боку бальшавіцкай Расеі польскія біскупы, сабраныя ў Чэнстахове на Яснай Гары на чале з Прымасам Польшчы кардыналам Эдмундам Дальбарам, прысвяцілі польскі народ і ўсю Бацькаўшчыну Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса, а таксама зноў абралі Маці Божую Кралевай Польшчы.

Праз тры тыдні пасля гэтага гістарычнага акту, 15 жніўня 1920 года, адбылася пераможная бітва з бальшавіцкімі інтэрвентамі пад Варшавай, вядомая як «цуд на Вісле».

Калі Папа Бэнэдыкт XV даведаўся пра даручэнне Польшчы Божаму Сэрцу, ён напісаў польскаму епіскапату: «Нічога больш адпаведнага за гэта вы б не змаглі прадпрыняць дзеля выпраўлення зла нашага часу, як прысвяціць вашу Бацькаўшчыну Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Яго святы культ у народзе распаўсюджваць усё больш і больш. <…>

Што ж можна ў гэтым перавароце ўсяго на свеце адшукаць больш збавеннага за ўзмацненне любові да Пана Езуса, які з’яўляецца абаронаю і моцным падмуркам кожнай рэспублікі»,— пісаў Святы Айцец.

Урачыстае прысвячэнне ўсяго польскага народа і Бацькаўшчыны Божаму Сэрцу адбылося праз год, 3 чэрвеня 1921 года на Малым Рынку ў Кракаве. Яно было прымеркавана да пасвячэння базылікі ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Кракаве. Гэты касцёл быў пабудаваны як ватыўны дар падзякі за атрыманне незалежнасці на ахвяраванні людзей з усёй краіны. Да ідэі прысвячэння Польшчы Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса зноў звярнуўся Прымас Аўгуст Хлёнд пасля трагедыі Другой сусветнай вайны, а таксама перад абліччам новых пераследаў. У 1948 годзе польскія біскупы заахвочвалі ўсіх вернікаў да асбістага прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў сем’ях.

Праз тры гады польскі епіскапат абвясціў год прысвячэння народа Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса. 28 кастрычніка 1951 года ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету Прымас Стэфан Вышынскі на Яснай Гары ў прысутнасці мільёна вернікаў аднавіў акт даручэння Польшчы Сэрцу Езуса. Акт аднаўлення адбыўся адначасова ў катэдрах і парафіяльных касцёлах.

У спецыяльным пасланні епіскапат падкрэсліў, што «праз гэтае ўрачыстае прысвячэнне народа мы выяўляем нязломную волю, каб усе сферы нашага жыцця, як асабістага, так і грамадскага, былі ўладкаваны паводле прынцыпаў Езуса Хрыста».

Праз 25 гадоў пасля гэтага, у апошнюю нядзелю літургічнага года ў касцёлах быў адноўлены акт даручэння польскага народа Сэрцу Пана Езуса. 1 ліпеня 2011 года чарговае яго аднаўленне адбылося ў Кракаве, у базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса з удзелам тагачаснага кіраўніка польскага епіскапату арцыбіскупа Юзафа Міхаліка, Прымаса на пенсіі кардынала Юзафа Глемпа і Кракаўскага Мітрапаліта кардынала Станіслава Дзівіша.

25 сакавіка 2020 года сённяшні Старшыня Канферэнцыі біскупаў Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі перад абліччам распаўсюджвання ў свеце пандэміі каранавірусу ў духоўным яднанні з санктуарыем Маці Божай у Фаціме даручыў Польшчу Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса і Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

11 чэрвеня падчас святой Імшы ў базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Кракаве а 18-й гадзіне па мясцовым часе ( у 19.00 па мінскім) адбудзецца Акт прысвячэння польскага народа Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса ў 100-ю гадавіну гэтай падзеі.

Цэлебрацыю святой Імшы з гэтай нагоды ўзначаліць арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, Старшыня Канферэнцыі польскага епіскапату. Ён таксама здзейсніць акт прысвячэння Польшчы Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. У духоўнай еднасці прысвячэнне адбудзецца ў гэты дзень ва ўсіх парафіях Польшчы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.