Падчас Другой сусветнай вайны ў Францыі прынамсі 57 з 80-і тагачасных мясцовых біскупаў дапамагалі ратаваць габрэяў.
Гэта даводзіць у сваіх доследах франка-ізраільская гісторык Лімор Ягіл, якая працуе ў Сарбонскім універсітэце. Як паведаміла 27 мая Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, яе артыкул «Пій ХІІ, французскі Касцёл і ратаванне габрэяў (1940–44)» быў апублікаваны ў італьянскім часопісе Nuova Storia Contemporanea.
Даследчыца адзначае, што, хоць Францыя была акупавана нацыстамі, аднак габрэйская супольнасць краіны ў сваёй большасці перажыла Халакост. У вельмі вялікай ступені гэтаму спрыялі французскія біскупы, манаскія супольнасці і святары.
Лімор Ягіл лічыць, што «вернасць рэжыму Вішы [прагітлераўскім калабаранцкім уладам Францыі пад акупацыяй — КАІ] не азначала немагчымасці ратавання габрэяў».
Даследуючы касцёльныя архівы, гісторык высветліла, што сярод 57-і біскупаў, якія ратавалі габрэяў, толькі шасцёра публічна адказалі на просьбы аб дапамозе. Яна падкрэсліла, што большасць іерархаў былі асабіста знаёмыя з Піем ХІІ з таго часу, калі ў 30-я гады ён быў Дзяржсакратаром Святога Пасаду. Падчас вайны Ватыкан высылаў значныя сумы грошай, прызначаныя на ратаванне габрэяў і іншых бежанцаў, інтэрнаваных у Францыі. Таксама выкзванні Пія ХІІ, якія шырока перадаваліся ў Францыі, заахвочвалі католікаў дапамагаць габрэям і іншым патрабуючым.
Пій ХІІ быў вельмі блізкім да французскай каталіцкай супольнасці і ўсяляк падтрымліваў яе дзейнасць, скіраваную на дапамогу габрэям. Даследчыца зазначае, што для таго, каб зразумець дзейнасць, якую французскае духавенства разгарнула для выратавання габрэяў, трэба таксама ўзяць пад увагу кантакты, якія яны падтрымлівалі з Ватыканам і з бюро, што займалася ратаваннем габрэяў падчас пантыфікату Папы Пія ХІІ.
На думку большасці гісторыкаў, у акупаванай Францыі падчас Другой сусветнай вайны каля чвэрці ўсіх французскіх габрэяў былі вывезены ў канцлагеры (76 тыс. з 320 тыс. габрэяў, якія тады жылі ў краіне).
Сярод тых, хто быў удастоены тытулу Праведнікаў народаў свету, двое французскіх кардыналаў (П’ер Жэрліе з Ліёна і Жюль Сальеж з Тулузы), пяць біскупаў (П’ер-Мары Тэас з Мантабана, Поль Рэмон з Ніцы, Габрыэль Пігэ з Клермон-Ферана, Луі дэ Курэж-д’Юсту з Тулузы, Жан Дэлэ з Марсэля), а таксама двое святароў, якія сталі біскупамі ўжо пасля вайны (П’ер Мары Пюэш з Альбі і Даніэль Пэзерыль з Парыжа).