Пошук

18.05.2021 14:45   Паводле: КАІ / Падрыхтавала: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота Itto Ogami / Wikimedia

У 101-ю гадавіну з дня нараджэння Караля Вайтылы Цэнтр думкі святога Яна Паўла ІІ ў Польшчы публікуе шэраг матэрыялаў, якія прадстаўляюць моманты з біяграфіі маладога Караля, што паўплывалі на яго асобу, а пазней увайшлі ў аснову вучэння Вялікага Папы.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, з нагоды 40-годдзя энцыклікі Laborem exercens і 30-годдзя энцыклікі Centesimus annus, Цэнтр думкі святога Яна Паўла II у сваіх маёвых праектах заахвочвае да глыбокага разважання над сэнсам чалавечай працы.

«Мы хочам пазнаёміць з асобамі важных у жыцці Караля Вайтылы жанчын, а таксама запрасіць да разважання на тэму ролі жанчын у грамадскім жыцці»,— кажа Ёана Кажэнеўская, прэс-сакратар Цэнтра.

«Для Яна Паўла ІІ геній жанчыны заключаўся, між іншым, у тым, што яна дапамагае вяртаць надзею, вучыць уважлівасці да іншага чалавека, нагадвае пра патрэбу ў адносінах, якая ўпісана ў нашую сутнасць. Калі мы шукаем новую мову для апісання працы і хочам паглядзець на працу не толькі ў выключна эканамічным апекце, калі мы хочам вырушыць у падарожжа пошуку глыбокага сэнсу працы, думка Яна Паўла ІІ на тэму ролі жанчыны ў грамадскім жыцці можа многім з нас спадарожнічаць», — падкрэслівае Марцін Новак, эксперт Цэнтра.

Святы Ян Павел ІІ быў вялікім заступнікам актыўнасці жанчын у грамадскім жыцці.

На думку Вялікага Папы, жанчыны могуць унесці ў месцы, дзе працуюць і дзейнічаюць, сваю выключную самаадданасць, здольнасць да эмпатыі, спачування, разумення, адкрытасці для іншых.

Ледзь не прароча Ян Павел ІІ напісаў у сваім Пасланні да жанчын A ciascuna di voi ў 1995 годзе: «Палітыка будучыні будзе мець патрэбу ў тым, каб жанчына ўсё больш прымала ўдзел у вырашэнні галоўных праблем, такіх як вольны час, якасць жыцця, міграцыя, сацыяльныя паслугі, эўтаназія, наркотыкі, служба аховы здароўя, экалогія і іншае. Ва ўсіх гэтых сферах прысутнасць жанчыны будзе вельмі каштоўная, бо паспрыяе выяўленню супярэчлівасці грамадства, якое кіруецца выключна крытэрыямі прадукцыйнасці і эфектыўнасці».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа