Пошук

24.10.2024 10:04   Паводле: Svjazep.org / Catholic.by
Фота: Svjazep.org

22 кастрычніка, у дзень літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ, Папы, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек адслужыў Боскую Літургію ў Брэсце.

Як са спасылкай на тэлеграм-канал Грэка-католікі Беларусі паведамляецца на сайце грэка-каталіцкай парафіі святога праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org, разам з архімандрытам саслужыў айцец Віталь Быстроў, а дыяканскае служэнне выконваў Вячаслаў Гарчакоў з парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах.

Пастыр беларускіх грэка-католікаў перадусім адзначыў, што літургічны ўспамін гэтага святога Папы адзначаецца не ў дзень яго смерці, або нараджэння для неба, як звычайна для большасці святых, а ў дзень пачатку ягонага служэння як пастыра паўсюднага Касцёла на пасадзе святога Пятра ў Рыме.

Архімандрыт Гаек заўважыў, што ўзгадваць духоўную спадчыну гэтага наступніка святога апостала Пятра і прасіць яго малітоўнага заступніцтва асабліва сімвалічна ў Брэсце, дзе апекунамі грэка-каталіцкай парафіі з’яўляюцца браты-апосталы Пётр і Андрэй: святыя заступнікі хрысціянскага Захаду і Усходу. Гэта сімвалічна ячшэ і таму, што ў 1596 годзе менавіта тут была абвешчана царкоўная Унія, што стала спробай аднавіць адзінства хрысціянаў усходняй традыцыі на нашых землях з Апостальскай Сталіцай.

Архімандрыт Гаек у сваім казанні падкрэсліў, што ў служэнні і вучэнні святога Папы Яна Паўла ІІ тэма еднасці Царквы, захавання для Паўсюднай Царквы каштоўнай спадчыны хрысціянскага Усходу займала надзвычай важнае месца. Паводле Апостальскага адміністратара, на пантыфікат Папы Яна Паўла ІІ прыйшлося адраджэнне Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, у тым ліку і Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Архімандрыт дадаў, што для хрысціянаў Усходніх Цэркваў сярод розных важных прамоў і дакументаў святога Папы Яна Паўла ІІ асаблівым дарам стала яго Апостальскае пасланне Orientale Lumen — «Святло Усходу», напісанае ў 1995 годзе.

«Пададзенае ў ім вучэнне і дагэтуль надзвычай актуальнае для ўсіх вернікаў усходняй традыцыі», — сцвердзіў пастыр беларускіх грэка-католікаў.

Ён расказаў таксама пра свой візіт у Рым з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным і аўдыенцыю ў Папы Яна Паўла ІІ. Гэтая сустрэча 28 чэрвеня 2004 года натхніла літаратара на стварэнне кнігі «Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх», якая стала своеасаблівым творчым паклонам пашаны паэта папу Яну Паўлу ІІ. У гэты паэтычны зборнік увайшлі вершы Рыгора Барадуліна і яго пераклад на беларускую мову «Рымскага трыпціха» — паэтычных разважанняў Яна Паўла ІІ.

Архімандрыт Сяргей Гаек зачытаў прысутным на набажэнстве вернікам радкі з гэтага зборніка Рыгора Барадуліна і падараваў у парафіяльную бібліятэку фотаальбом, прысвечаны папу Яну Паўлу ІІ.

Абноўлена 24.10.2024 10:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця