Штогод 29 красавіка Касцёл у Польшчы ўспамінае душпастыраў — мучанікаў Другой сусветнай вайны. Каля трох тысяч святароў загінулі ў выніку рэпрэсій ваеннага часу.
У Дзень мучаніцтва польскага духавенства Мітрапаліт Катавіцкі арцыбіскуп Віктар Скворц маліўся ў катавіцкай катэдры за ахвяраў вайны і аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага ксяндза Яна Махі.
Як сцвердзіў польскі арцыбіскуп, словы якога прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у гісторыі чалавецтва здараюцца перыяды, калі чалавек свядома адыходзіць ад Бога, калі цемра вядзе барацьбу супраць святла. Такім перыядам быў час Другой сусветнай вайны.
Імёны польскага духавенства, як нагадаў арцыбіскуп Скворц, апынуліся ўжо ў першых спісах масавых неадкладных арыштаў.
«Планы рэпрэсій паспяхова рэалізоўваліся. Таму і духавенства катавіцкай дыяцэзіі разам з іншымі, перажыло некалькі акцый масавых арыштаў», — дадаў Мітрапаліт Катавіцкі.
Рэпрэсіі акупантаў не спыняліся: хваля за хваляй забірала жыцці душпастыраў; святароў высылалі ў лагеры, забаранялі выконваць душпастырскія абавязкі, высялялі ў Генерал-губернатарства (Германія).
Іерарх заклікаў памятаць у малітве таксама пра тых душпастыраў, якія прайшлі цёмную ноч лагераў і вязніц, а потым служылі Касцёлу. Адным з іх быў ініцыятар устанаўлення Дня мучаніцтва польскага духавенства кардынал-намінат Ігнацы Еж.
«Дарагія браты, мучанікі Другой сусветнай вайны, вы не забытыя, — запэўніў арцыбіскуп Скворц пра малітоўную памяць Касцёла ў Польшчы аб іх. — Хочам наследаваць прыклад вашага жыцця. Бо час, у які мы жывем, таксама з’яўляецца перыядам сутыкнення цемры і святла».
Іерарх указаў на агрэсію цемры новых таталітарызмаў — тэрарызму і гібрыдных войнаў.
Галоўныя ўрачыстасці ў Дзень мучаніцтва польскага духавенства штогод адбываюцца ў санктуарыі святога Юзафа ў Калішы. Яны з’яўляюцца працягам штогадовай падзякі святароў-вязняў Дахау за вызваленне лагера 29 красавіка 1945 года. Баючыся, што лагер будзе ліквідаваны, яны даверылі сябе апецы святога Юзафа і паабяцалі, што, калі выжывуць, будуць штогод здзяйсняць пілігрымку ў касцёл святога Юзафа ў Калішы.
У часы Другой сусветнай вайны акупанты пераследвалі каталіцкае і праваслаўнае духавенства таксама на нашых землях, хоць у Беларусі пакуль няма адмысловага дня памяці святароў, якія аддалі сваё жыццё падчас вайны.