Пошук

30.04.2021 10:19   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Паоло Пэццы. Фота: Аgensir.it

29 красавіка пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы адказаў на пытанні італьянскага інфармацыйнага агенцтва SIR, у якіх закраналася тэма масавых пратэстаў у Расіі.

«Мы просім справядлівасці для нявінных, міласэрнасці для вінаватых, розуму, адвагі і мудрасці для тых, хто павінен выносіць судовыя рашэнні, а перадусім чалавечнасці для тых, хто потым павінен выконваць прызначанае пакаранне», — сказаў арцыбіскуп Пэццы.

У той час, як па ўсёй краіне праходзяць пратэсты з патрабаваннем вызваліць Аляксея Навальнага і іншых палітычных вязняў, іерарх зазначыў, што заданне ўсіх Цэркваў — нагадаць пра этычнае вымярэннне палітычных дзеянняў і маральную адказнасць за іх.

«У перыяд Вялікага посту мы маліліся за ўлады, каб яны клапаціліся не толькі пра дабро ўласнага народа, але і пра дабро ўсяго чалавецтва», — дадаў арцыбіскуп, адзначыўшы, што такі заклік гучыць у дзвюх апошн7іх энцыкліках Папы Францішка. На думку іерарха, Цэрквы павінны нагадаць тым, хто прымае рашэнні, каб яны дзейнічалі для супольнага дабра, для дабра асобы, з пашанай да годнасці кожнага чалавека ад зачацця ажно да апошняга ўздыху.

Агенцтва SIR нагадвае, што з часу вяртання Аляксея Навальнага з нямецкага шпіталя, куды ён трапіў пасля няўдалага замаху на яго жыццё, за краты былі кінутыя каля 11 тыс. чалавек. Большасць затрыманняў падчас апошніх дэманстрацый, якія праходзілі 21 красавіка, мела месца ў Санкт-Пецярбургу, дзе былі арыштаваныя 805 чалавек, а таксама фіксаваліся выпадкі насілля з боку паліцыі.

Арцыбіскуп Паоло Пэццы лічыць, што пратэсты з’яўляюцца выразам неспакою, выкліканага развіццём сітуацыі вакол Навальнага і агульным становішчам зняволеных.

Адказваючы на пытанне адносна таго, як выйсці з гэтага крызісу, расійскі каталіцкі іерарх працытаваў праваслаўнага святара, публіцыста і грамадскага дзеяча айца Аляксея Умінскага, які, звяратючыся да тых, хто можа нешта зрабіць, казаў:

«Прашу вас, слухайце словы Хрыста. Прашу вас, будзьце міласэрнымі. Прашу вас, не ператварайце затрыманне чалавека ў катаванне ці ў здзек. Ад кожнага з нас залежыць, каб быць людзьмі заўсёды і паўсюль».

Такі падыход арцыбіскуп Паоло Пэццы назваў разумным, чалавечным, а не толькі хрысціянскім, што дапаможа знайсці выйсце з сітуацыі, якая нікому не падабаецца.

Абноўлена 30.04.2021 10:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця