Пошук

28.04.2021 12:55   Паводле: Рolskifr.fr / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Сем гадоў таму, 27 красавіка 2014 года, на плошчы Святога Пятра ў Рыме адбылася ўрачыстая кананізацыя Вялікага Папы Яна Паўла ІІ. Цяпер вядзецца працэс беатыфікацыі яго бацькоў, а жыццё яго старэйшага брата заслугоўвае асобнай увагі.

«Даручаная мне місія з Божай дапамогай была завершана», — кажа праз сем гадоў пасля кананізацыі Папы-славяніна пастулатар яго беатыфікацыйнагша і кананізацыйнага працэсаў ксёндз прэлат Славамір Одэр. Як адзначае партал Рolskifr.fr, своеасаблівым працягам гэтай місіі святар лічыць беатыфікацыйны працэс бацькоў святога Яна Паўла ІІ.

27 красавіка 2014 года Папа Францішак ўрачыста абвясціў святымі двух сваіх папярэднікаў: Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Для ксяндза Славаміра Одэра гэта быў асаблівы момант.

«На пачатку гэтага працэсу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI даў мне выразнае ўказанне: „Прашу працаваць хутка, але працаваць добра“. У той дзень я адчуваў, што не падмануў чаканняў, выказаных Святым Айцом у тых ягоных словах», — узгадвае пастулатар кананізацыйнага працэсу Яна Паўла ІІ.

Ксёндз Славамір Одэр лічыць, што культ Вялікага Папы-славяніна пачаў развівацца з першых дзён пасля яго смерці, і гэта ўжо было відаць у Рыме ў дні перад пахаваннем.

«Само пахаванне было незвычайнай падзеяй, выключнай у гісторыі чалавецтва. З таго дня на магілу Яна Паўла ІІ няспынна прыбывалі пілігрымы, якія там праз яго заступніцтва прасілі патрэбных ласкаў», — сказаў ксёндз Одэр.

Святар упэўнены, што культ святога Яна Паўла ІІ будзе мацнейшым за напады на яго асобу і спадчыну, якія цяпер, на жаль, пачасціліся на радзіме Вялікага Папы ў Польшчы. Ксёндз Одэр нагадаў, што ўжо сам Хрыстус казаў святому Пятру, што брамы пякельныя не перамогуць Касцёл.

«Голас Яна Паўла ІІ, які гучыць у яго вучэнні і ў тым кульце, якім яго ўшаноўваюць людзі; любоў, якую яны да яго праяўляюць — гэты голас надалей пабуджае нашае сумленне і як прарочы голас заўсёды будзе выклікаць супраціў тых, хто наогул не падзяляе каштоўнасцяў Касцёла і хрысціянства», — зазначыў ксёндз Славамір Одэр.

Прэлат з’яўляецца таксама пастулатарам у беатыфікацыйным працэсе бацькоў Караля Вайтылы — Караля старэйшага і Эміліі.

«Гэта прыгожы прыклад святасці сям’і, якая становіцца як быццам глебай, на якой нараджаецца і спее святасць наступнага пакалення», — сцвердзіў святар. Паводле яго меркавання, не толькі бацькі будучага Папы з’яўляюцца кандыдатамі, годнымі таго, каб Касцёл прыгледзеўся да іх святасці. У сувязі з гэтым ксёндз Одэр звярнуў увагу на асобу старэйшага брата Караля — Эдмунда Вайтылы. Ён быў доктарам і памёр ва ўзросце 26 гадоў, заразіўшыся невылечнай у тыя часы шкарлятынай пры аказанні дапамогі хворай пацыентцы.

«Прыклад яго жыцця і смерці становіцца асабліва выразным у кантэксце пандэміі, якую мы перажываем <…>. Не забягаючы наперад, але гледзячы таксама на жыццё Эдмунда, можна прыйсці да думкі, што гэта своеасаблівы ўзор таго гераізму, які патрэбны нам сёння», — адзначыў ксёндз Славамір Одэр.

Абноўлена 28.04.2021 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.