Кракаўскі мітрапаліт арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі (Польшча) прыняў рашэнне аб распачацці кананізацыйнага працэсу бацькоў святога Яна Паўла ІІ: Слугі Божай Эміліі Вайтылы і яе мужа Слугі Божага Караля Вайтылы Старэйшага.
Пасля выказанай згоды Канферэнцыі Епіскапату Польшчы і дазволу Кангрэгацыі па справах кананізацыі Святога Пасаду рашэнне арцыбіскупа Марэка Ендрашэўскага стала чарговым неабходным крокам для распачацця кананізацыйнага працэсу Эміліі і Караля Вайтылаў, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Кракаўскай архідыяцэзіі.
Неабходныя дакументы ў бліжэйшы час будуць перададзены ў парафіі Кракаўскай архідыяцэзіі, а пра распачацце працэсу будуць праінфармаваны вернікі. Да іх скіравана просьба перадаць у Мітрапалітальную курыю ў Кракаве любыя дакументы, запісы або звесткі, якія датычацца Слугаў Божых — як станоўчыя, так і адмоўныя.
«Памяць пра бацькоў святога Яна Паўла ІІ, асабліва ў вадавіцкім і кракаўскім асяроддзі, жыла заўсёды. Мінула ўжо шмат часу пасля іх смерці, але яшчэ жывуць людзі, якія асабіста ведалі бацькоў Караля Вайтылы. Мы пастараемся з імі скантактавацца і папрасіць, каб яны падзяліліся сваімі сведчаннямі», — сказаў ксёндз Анджэй Сцомбэр, рэферэнт па справах кананізацыі ў Кракаўскай архідыяцэзіі.
Святар дадаў, што, акрамя таго, будуць выслуханыя сведкі, якія чулі, што апавядалі пра Слугаў Божых тыя, хто быў з імі асабіста знаёмы.
«Сам Папа ў пэўным сэнсе будзе непасрэдным сведкам святасці сваіх бацькоў. Ёсць шмат тэкстаў, якія пацвярджаюць тое, што гэта былі выключныя людзі», — заўважыў ксёндз Анджэй Сцомбэр, адзначыўшы пры гэтым, што святы Ян Павел ІІ часта ўзгадваў свайго тату, з якім яго яднала ўнутранае духоўнае сяброўства. Матулю ён памятаў менш, але заўсёды насіў яе ў сваім сэрцы — ажно да смерці.
Рэферэнт па справах кананізацыі звярнуў увагу на тое, што фармальна будуць праходзіць два асобныя кананізацыйныя працэсы, заданне якіх у тым, каб давесці, што Эмілія і Караль Вайтылы практыкавалі цноты ў гераічнай ступені, што іх лічаць святымі, а праз іх заступніцтва людзі выпрошваюць у Бога ласкі.
«Працэс будзе нялёгкім з-за малой колькасці відавочцаў, але ўжо цяпер можна сказаць, што сабраная дакументацыя, асабліва адносна Караля Вайтылы, вельмі вялікая.
З яе вынікае, што гэты чалавек на сваім жыццёвым шляху набліжаўся да Бога і гэтае сяброўства з Богам перадаў свайму сыну — будучаму Папу», — падкрэсліў ксёндз Анджэй Сцомбэр.