Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў ЗША выказалася адносна зменаў, унесеных адміністрацыяй Прэзідэнта Джозэфа Байдэна ў галіне навуковых эксперыментаў над тканкамі абартаваных эмбрыёнаў.
На думку амерыканскіх біскупаў, падобныя даследаванні могуць прывесці да апраўдання аборту.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, пастановай Дональда Трампа Нацыянальны інстытут аховы здароўя страціў права фінансаваць урадавыя лабараторыі, дзейнасць якіх базуецца на даследванні тканак чалавечых абартаваных эмбрыёнаў. Гэтая забарона не распаўсюджвалася на няўрадавыя цэнтры, у тым ліку на ўніверсітэты, аднак іх заяўкі аб фінансавай падтрымцы павінны былі прайсці этычную экспертызу, якую праводзіў спецыяльны Кансультацыйны камітэт.
16 красавіка Нацыянальны інстытут аховы здароўя аб’явіў аб спрашчэнні гэтай экспертызы, на што неадкладна адрэагаваў амерыканскі епіскапат.
У звароце за подпісам арцыбіскупа Джозэфа Наўмана, які ўзначальвае Камісію абароных жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, гаворыцца:
«Целы дзяцей, забітых у выніку абортаў, заслугоўваюць такой жа павагі, як і цела любога іншага чалавека».«Урад, — піша далей іерарх, — не мае права абыходзіцца з нявіннымі ахвярамі аборту як з таварам, які можна выкарыстоўваць для атрымання органаў і правядзення даследванняў».
Арцыбіскуп Наўман лічыць неэтычным правядзенне навуковых эксперыментаў, якія могуць прывесці да апраўдання насілля, якім з’яўляецца аборт.
Гэта тым больш відавочна сёння, калі вучоныя даказалі магчымасць эфектыўных клінічных даследванняў без выкарыстання тканак абартаваных эмбрыёнаў чалавека.
Іерарх дадае, што для мільёнаў амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў глыбока зняважліва, што іх сродкі скіроўваюцца на эксперыменты з выкарыстаннем індустрыі смерці нявінных жыццяў.