У Злучаных Штатах Амерыкі сенатары ад дэмакратычнай партыі здзейснілі чарговую няўдалую спробу апярэдзіць Вярхоўны суд і зацвердзіць галасаваннем законапраект, які б дазваляў аборты на тэрыторыі ўсёй краіны.
Тым не менш, як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, вышэйшая палата амерыканскага Кангрэсу, хоць і знаходзіцца пад кантролем дэмакратаў, зноў адхіліла прыняцце федэральнага абарцыйнага закона.
Папярэдняя такая спроба правалілася ў лютым.
На пачатку мая ў прэсу трапіў праект пстановы Вярхоўнага суда ЗША, паводле якой на тэрыторыі ўсёй краіны будзе скасавана права рабіць аборт.
Гэта азначае, што ў Злучаных Штатах неўзабаве завершыцца амаль 50-гадовая канстытуцыйная абарона права забіваць ненароджаных дзяцей. Калі судовая пастанова ўвойдзе ў жыццё, кожны штат зможа самастойна вызначацца адносна дапушчальнасці перарывання цяжарнасці.
Старшыня Вярхоўнага суда прызнаў, што праект сапраўды ёсць, але канчатковае рашэнне яшчэ не прынята. Аднак з неафіцыйных крыніц стала вядома, што галасаванне ўжо адбылося і рашэнне было прынята. Тым не менш, змена заканадаўства адбудзецца толькі разам з публікацыяй актаў, што можа заняць нават некалькі месяцаў.
Гэты час хацелі выкарыстаць дэмакраты для таго, каб Сенат прыняў закон аб дапушчальнасці абортаў ва ўсіх Злучаных Штатах. Як і прадбачылася, спроба правалілася, бо для прыняцця закона патрэбна было 60 галасоў, а ўдалося набраць толькі 50.
Хоць каталіцкія біскупы ЗША даўно заклікаюць Кангрэс перастаць фарсіраваць аборты, прэзідэнт Джо Байдэн заклікаў выбаршчыкаў падтрымаць іх прыхільнікаў на бліжэйшых выбарах у Сенат і абавязаўся падпісаць закон, калі той пройдзе праз Кангрэс.
Права на аборт дзейнічае ў Амерыцы з 1973 года. Тады Вярхоўны суд адмяніў супрацьабортнае заканадаўства штата Тэхас. У абгрунтаванні ўказвалася, што заканадаўства штата не можа парушаць канстытуцыйнае права кожнай жанчыны прымаць рашэнне адносна нараджэння свайго дзіцяці.