Пошук

03.09.2021 11:09   Паводле: КАІ / Catholic.by
Заканадаўчы сход штата Тэхас на чале з губернатарам Грэгам Эбатам падчас падпісання акта забароны на аборт пасля шостага тыдня. Фота: thetexan.news

1 верасня, амаль апоўначы, Вярхоўны суд Злучаных Штатаў Амерыкі большасцю галасоў (пяць супраць чатырох) прызнаў правамоцным заканадаўства штата Тэхас, якое забараняе рабіць аборт «з моманту, калі ўжо можна сцвердзіць актыўнасць сэрца [з’яўленне пульсу ў ненароджанага]», або прыблізна з шостага тыдня цяжарнасці.

Як зазначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, падобнае заканадаўства дзейнічае яшчэ ў больш як дзесяці іншых штатаў, дзе ва ўладзе знаходзяцца рэспубліканцы, але ў Тэхасе яно было аспрэчана і стала прадметам разбіральніцтва.

Агенцтва Reuters назвала гэты судовы вердыкт «моцным ударам па абарцыйных законах, што адначасова адкрывае перспектыву прыняцця новых нормаў, якія пашыраюць забарону абортаў <…> Гэта важны прэцэдэнт, якога дзяесяцігоддзямі чакалі праціўнікі абортаў».

Прызнанае правамоцным заканадаўства дазваляе звычайным грамадзянам падаваць скаргі супраць клінік, дактароў, кансультантаў і нават «кіроўцаў, якія падвозяць да абартарыяў».

Паводле арганізацыі Texas Right to Life, гэтае рашэнне азначае, што ў «Тэхасе ўжо практычна не здзяйсняюцца аборты».

Разам з тым не спыняецца дзейнасць абарцыйных фондаў, якія фінансуюць забойствы ненароджаных па-за Тэхасам.

Штодзённае выданнне New York Times у вялікім артыкуле на гэтую тэму пад назваю «Хваляванне ў Тэхасе ў сувязі з увядзеннем беспрэцэдэнтнага заканадаўства» піша, што змяніўся «агульны выгляд штата»: тут назіраецца моцнае падзенне зваротаў у абартарыі. І наадварот, «Цэнтры крызіснай дапамогі маці» адзначаюць павелічэнне колькасці тэлефонных кансультацый і візітаў зацікаўленых асоб.

Нью-Ёркская газета цытуе Джэйн Пінсан з «Цэнтра дапамогі маці», чатыры аддзяленні якога знаходзяцца ў раёне горада Корпус-Крысты. Яна кажа, што цяпер гэтыя аддзяленні цэнтра «захліснула» вялікая колькасць зацікаўленых жанчын.

«Я ніколі не магла падумаць, што гэта здарыцца пры маім жыцці», — прызналася Джэйн Пінсан, якая разам з 17-ю супрацоўнікамі належыць да хрысціянскай арганізацыі Care Net.

Тым часам прадстаўнікі дэмакратычнай партыі імкнуцца да вяртання абортаў у Тэхас. Прэзідэнт Байдэн, нягледзячы на сваё каталіцкае веравызнанне, разам з аднапартыйцамі-дэмакратамі лічыць, што заканадаўства штата «істотна супярэчыць канстытуцыйнаму праву на аборт», якое было замацавана ў сувязі са «справай Роў супраць Уэйда» 1973 года — адной з найбольш спрэчных і рэзанансных у гісторыі Злучаных Штатаў.

Адначасова СМІ звяртаюць увагу на наступную рэзанансную справу, якую Вярхоўны суд будзе разглядаць у кастрычніку. Гэтым разам гаворка ідзе пра штат Місісіпі і мясцовае заканадаўства, якое забараняе аборты з 15-а тыдня жыцця. Адзначаецца, што пры гэтым можа дайсці да адмены канстытуцыйнага «права на аборт».

Абноўлена 03.09.2021 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа