Пошук

27.04.2021 11:16   КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Кіраўнік Сіра-Малабарскага Каталіцкага Касцёла кардынал Мар Георг Аленчэры заклікаў урад Індыі, каб доступ да медыцынскага кіслароду лічыўся адным з асноўных правоў чалавека.

На думку арцыбіскупа архідыяцэзіі Эрнакулам-Ангамалі, улады павінны зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць кіслародам хворых на каранавірус людзей, якія змагаюцца за жыццё ў шпіталях. Пра гэта паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

«Звычайна мы кажам пра ежу, адзенне і дах над галавою як пра асноўныя чалавечыя патрэбы, якія ўлады павінны гарантаваць грамадству. Сёння з прычыны COVID-19 чалавечае жыццё знаходзіцца ў вялікай небяспецы», — сцвердзіў іерарх, указаўшы на праблему доступу да медыцынскага кіслароду, неабходнага хворым, каб выжыць.

«Безумоўным абавязкам ураду з’яўляецца забеспячэнне медыцынскім кіслародам усіх шпіталяў і медыцынскіх цэнтраў па ўсёй Індыі», — падкрэсліў старшыня Рады Каталіцкіх Біскупаў штата Керала.

Іерарх дадаў, што медыцынскі кісларод не можа быць таварам, з якога пасярэднікі будуць мець прыбытак.

«Многія не могуць сабе дазволіць набываць медыцынскі кісларод на вольным рынку з-за высокіх коштаў. Карыстанне медыцынскім кіслародам павінна лічыцца асноўнай патрэбай, якая павінна быць даступнай і бясплатнай для жыхароў Індыі»,— адзначыў кардынал.

Улады Індыі, як сцвердзіў іерарх, павінны выкарыстаць усе свае сродкі, у тым ліку чартарныя рэйсы, каб даставіць медыцынскі кісларод з-за мяжы ва ўсе штаты краіны, якія маюць у ім патрэбу.

У той жа час 76-гадовы кардынал адзначыў, што Касцёл цэніць усё зробленае за гэты час цэнтральным урадам і кіраўніцтвам штатаў для змагання з наступствамі пандэміі.

На сёння з 1,4 мільярдаў жыхароў Індыі ў 17,3 мільёнаў дыягнаставана каранавірусная інфекцыя. Толькі за 25 красавіка было зафіксавана 350 тысяч новых інфіцыяваных. Памерла каля 195 тысяч хворых на COVID-19.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця