25 красавіка ў Паўднёвым Судане стралялі ў ксяндза Крысціяна Карласарэ, прызначанага біскупам дыяцэзіі Румбэк у гэтай краіне. Стан параненага святара стабільны.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ са спасылкай на агенцтва ACI Stampa, іерарх атрымаў першую дапамогу і знаходзіцца на лячэнні ў медыцынскім цэнтры ў дыяцэзіі Паўднёвага Судану.
«Наш біскуп, якога прызначылі крыху больш за месяц таму, быў паранены ўчора вечарам», — паведаміў агенцтву АСІ Africa ксёндз Андрэа Осман, дадаўшы, што тэрарысты наўмысна стралялі ў новаабранага біскупа, а пасля ўцяклі. У момант здарэння, як адзначыў ксёндз Андрэа Осман, ён знаходзіўся ў пакоі побач з біскупскім пакоем. «Калі яны мяне ўбачылі, сказалі мне адысці. Адзін з іх стрэліў двойчы», — адзначыў відавочца.
Па словах лекара, які апякуецца біскупам Крысціянам Карласарэ, стан пацярпелага стабільны. Плануецца перавезці параненага ў Найробі, сталіцу Кеніі.
Біскуп-намінант Крысціян Карласарэ належыць да таварыства Місіянераў Сэрца Езуса, заснаванага італьянскім біскупам Даніэлем Камбоні. Ён нарадзіўся ў Скіа (паўночная Італія) 1 кастрычніка 1977 года. Святарскае пасвячэнне атрымаў 4 верасня 2004 года. З 2006 года нясе душпастырскае служэнне ў Паўднёвым Судане. 8 сакавіка Папа Францішак прызначыў ксяндза Карласарэ біскупам дыяцэзіі Румбэк. Біскупскае пасвячэнне было запланавана на нядзелю Спаслання Духа Святога, якая прыпадае 23 мая.