12 верасня адбудзецца беатыфікацыя кардынала Стэфана Вышынскага, Мітрапаліта Гнезна і Варшавы і Прымаса Польшчы, мужнага сведкі веры падчас камуністычнага рэжыму ў Польшчы.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першапачаткова цырымонія планавалася на 7 чэрвеня мінулага года, але была перанесена ў сувязі ў пандэміяй каранавірусу. Беатыфікацыя пройдзе на плошчы Маршала Юзафа Пілсудскага ў цэнтры Варшавы. Яе ўзначаліць кардынал Марчэло Сэмэрара, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі.
Разам з кардыналам Вышынскім будзе беатыфікавана с. Альжбета Ружа Марыя Чацкая, польская законніца, якая аслепла ў выніку дарожнага здарэння і прысвяціла сваё жыццё служэнню невідушчым.
Стэфан Вышынскі нарадзіўся ў 1901 годзе. У часы Другой сусветнай вайны быў капеланам Арміі Краёвай. Браў удзел у ратаванні габрэяў ад нацыстаў. У 1946 годзе Пій ХІІ прызначыў яго біскупам Люблінскім, а ў 1948 г. арцыбіскупам Мітрапалітам Гнезна і Варшавы і Прымасам Польшчы. Іерарх выступаў супраць умяшальніцтва камуністычных уладаў у справы Касцёла і рэпрэсій у адносінах да духавенства і каталіцкага друку.
У студзені 1953 года быў прызначаны кардыналам, але з-за супрацьдзеяння камуністычных уладаў не змог выехаць у Рым, каб атрымаць атрыбуты кардынальскай годнасці. У верасні таго ж года быў арыштаваны. У нататках, напісаных у няволі, нязломны Прымас адзначаў:
«Самы вялікі грэх апостала — гэта страх. Страх апостала — гэта першы хаўруснік яго ворагаў».
Іерарх выйшаў на свабоду ў 1956 годзе.
Браў удзел у Другім Ватыканскім Саборы, ініцыяваў шырокае святкаванне Тысячагоддзя хросту Польшчы. У 1980 годзе быў пасярэднікам паміж уладамі і прафсаюзам «Салідарнасць». Памёр 28 мая 1981 года, праз пятнаццаць дзён пасля замаху на Яна Паўла ІІ.
Беатыфікацыйны працэс «Прымаса тысячагоддзя», як называюць кардынала Вышынскага ў Польшчы, распачаўся ў 1989 годзе. 18 снежня 2017 года Папа Францішак ухваліў дэкрэт Кангрэгацыі па справах кананізацыі аб прызнанні гераічнасці яго цнотаў, а 2 кастрычніка 2019 года — аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва Слугі Божага. Цуд датычыўся аздараўлення жанчыны, хворай на анкалогію.