Манахі трапісты з абацтва Ля-Трап, што ў дэпартаменце Орн на паўночным захадзе Францыі, перадалі два сталетнія дубы ў дар на адбудову парыжскай катэдры Нотр-Дам, пашкоджанай пажарам два гады таму.
Пра гэта ў размове з газетай «Ля Круа» паведаміў новы настаяцель кляштару ў Саліньі-ля-Трап айцец Тама Жаржон.
Манах нагадаў, што ўжо ў Сярэднявеччы трапісты актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве касцёлаў і выказаў задавальненне ад таго, што такім чынам традыцыя працягнецца таксама ў справе адбудовы катэдры Нотр-Дам.
Два дубы былі ссечаны яшчэ ў сакавіку і да апрацоўкі павінны сохнуць паўтара гады. Айцец Жаржон удакладніў, што дрэвы ў лясах абацтва, якія займаюць 80 гектараў, былі выбраныя ў адпаведнасці з прадпісаннямі: яны павінны мець ад 100 да 200 гадоў, быць простымі, без наростаў на камлі, ад 60 да 80 см у дыяметры.
Настаяцель абацтва бачыць ва ўдзеле ў адбудове славутай катэдры глыбокі сімвалізм:
«У выглядзе простых дубовых бярвенняў у Нотр-Дам будзе прысутнічаць кантэмпляцыйнае жыццё.
Такая нябачная прысутнасць дзесьці ў вежы вельмі нам адпавядае: яна сама па сабе духоўна падтрымлівае, як і манаскае жыццё», — кажа айцец Жаржон.
Трапісты, або цыстэрцыянцы строгага захавання, — адзін з самых суровых манаскіх ордэнаў у Каталіцкім Касцёле. У XVII стагоддзі цыстэцыянскія манахі абацтва Ля-Трап вырашылі вярнуцца да надзвычай суровых прадпісанняў сваіх заснавальнікаў і з ХІХ стагоддзя сталі асобным ордэнам.