Пошук

19.04.2021 13:08   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by

Фрагмент помніка героям гета / viacitymap.pl

На 19 красавіка прыпадае 78-я гадавіна паўстання ў варшаўскім гэта, створаным нацыстамі ў акупаванай Польшчы.

«Гадавіна паўстання ў варшаўскім гета з’ўляецца заклікам да любові да бліжняга, да пашаны і прызнання годнасці кожнага чалавека. У святле Евангелля кожная праява нянавісці і агрэсіі, у тым ліку антысемітызм, — гэта грэх», — падкрэслівае біскуп Рафал Маркоўскі, старшыня Камітэту па справах дыялогу з юдаізмам пры польскім епіскапаце ў адмысловым пасланні да гадавіны паўстання.

Як нагадвае іерарх, пасланне якога цытуе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у сталіцы Польшчы падчас Другой сусветнай вайны адбыліся два паўстанні: у 1943 годзе ў варшаўскім гета, а праз год — Варшаўскае паўстанне.

Паўстанне ў варшаўскім гета, як сцвярджае старшыня камітэту пры епіскапаце, было гераічнай спробай супрацьстаяння «дэманічнаму плану знішчэння ўсяго габрэйскага народа».

«Нямецкія акупанты пачалі забіваць жыхароў варшаўскага гета за два дні да найважнейшага юдэйскага свята — Пасхі, а сімвалічным завяршэннем знішчэння габрэяў у сталіцы стала разбурэнне Вялікай сінагогі», — падкрэслівае біскуп Маркоўскі, адзначаючы, што габрэйскія паўстанцы праявілі гераізм, цвёрды дух і вялікае жаданне жыць.

«Яны з’яўляюцца сімвалам барацьбы за свабоду. Гэта выражае адзін з паўстанцкіх дэвізаў: „Калі вытрываць, то толькі вольнымі, а калі гэта немагчыма, то вольнымі загінуць. У барацьбе пераможам смерць“.

Сёння мы ўспамінаем нашых братоў і сясцёр, якія загінулі ў гета пры жахлівых абставінах. Мы ўспамінаем усіх вывезеных у лагеры смерці, у газавыя камеры ў Трэблінку, Майданэк і ў іншыя месцы», — напісаў у сваім слове старшыня Камітэту па справах дыялогу з юдаізмам пры польскім епіскапаце.

Як падкрэслівае іерарх, паўстанцы ў варшаўскім гета, гэтыя гераічныя людзі, страцілі жыццё, баронячы сваю годнасць і свабоду.

Прадстаўнік польскага епіскапату ў сваім звароце прыводзіць таксама словы святога Яна Паўла ІІ, якія той прамовіў у сакавіку 2000 года ў Яд ва-Шэм у Іерусаліме: «Касцёл адмаўляе расізм у любой форме як перакрэсліванне вобразу Стварыцеля, упісанага ў кожную чалавечую істоту».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.