Пошук

09.04.2021 16:38   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Біскуп Мішэль Пансар. Фота: la-croix.com

У французскай дыяцэзіі Эўры-Карбей-Эсона вырашылі ўключыць у падрыхтоўку да Сіноду Біскупаў у Ватыкане не толькі дарослых вернікаў, але і дзяцей.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, наступная, XVI Генеральная асамблея Сіноду Біскупаў пройдзе ў 2022 годзе на тэму «На шляху да сінадальнага Касцёла: прыналежнасць, удзел і місія».

«Дзецям таксама ёсць што сказаць» — такі дэвіз праекта, задуманага біскупам дыяцэзіі Эўры Мішэлем Пансарам.

На думку іерарха, да падрыхтоўкі Сіноду варта далучыць усіх вернікаў, у тым ліку і самых маленькіх, што можна зрабіць з дапамогай трох рэчаў: гульні, чытання Бібліі і разважанняў.

«Дзіцячы сінод» пройдзе ў тры этапы. На першым дзеці павінны будуць скласці арыгамі, у якім будзе адбівацца іх уяўленне пра Касцёл. У перыяд з сакавіка па чэрвень наступнага года гэтыя працы будуць упрыгожваць парафіяльныя святыні, складаючы своеасаблівую выставу на тэму «Касцёл, пра які мараць дзеці».

На другім этапе дзецям прапануюць пазнаёміцца з некаторымі ўрыўкамі з Евангелля паводле Яна, а найперш з вершамі 34–35 13-га раздзелау, у якіх апавядаецца пра запаведзь любові.

На трэцім этапе дзеці — самастойна ці калектыўна — адкажуць на прапанаваныя пытанні. Вось некаторыя з іх: «У якія моманты свайго жыцця ты адчуваеш, што Езус побач?»; «Што ты збіраешся зрабіць, каб захаваць стварэнне, дадзенае нам у дар Богам?»; «Якім бы ты хацеў бачыць Касцёл, калі станеш дарослым?».

Усе адказы дзяцей будуць улічаны біскупамі ў працэсе падрыхтоўкі да сінадальнай асамблеі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця