Пошук

09.04.2021 14:25   Паводле: blagovest-info.ru / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота: Юлія Зайцава / blagovest-info.ru

У межах І Міжрэлігійнага моладзевага форуму 7 красавіка ў Маскоўскай саборнай мячэці адбылося адкрыццё экспазіцыі на тэму «Францішак і султан. Сустрэча на другім беразе (1219–2019)».

Арганізатары выставы — супрацоўнікі культурнага цэнтра «Покровские ворота» — распавялі ўдзельнікам форуму, падрыхтаванага мусульманскімі рэлігійнымі аб’яднаннямі, пра сустрэчу святога Францішка Асізскага з султанам Малікам Аль-Камілем, якая адбылася больш за 800 гадоў таму. Пра гэта паведамляе партал blagovest-info.ru.

Падчас адкрыцця форуму дырэктар культурнага цэнтра «Покровские ворота» Жан-Франсуа Ціры казаў пра «прарочыя сустрэчы» ў гісторыі, якія аказалі велізарны ўплыў на развіццё міжрэлігійных адносін у свеце. Іх не так шмат, у ліку апошніх — сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла на Кубе ў 2016 годзе і Папы Францішка і Вярхоўнага імама мячэці Аль-Азхар Ахмеда Аль-Таеба ў Абу-Дабі ў 2019 годзе.

Гэтыя сустрэчы добра вядомыя, яны асвятляліся ўсімі сусветнымі СМІ, а вось пра сустрэчу, якая адбылася 800 гадоў таму, вядома нямногім.

«Адна з такіх эпахальных сустрэч адбылася 800 гадоў таму, і ёй прысвечана выстава. У разгар насілля і нянавісці паміж хрысціянамі і мусульманамі (наша сітуацыя зараз нашмат лепшая, несумненна), у часы Пятага крыжовага паходу, два чалавекі — святы Францішак Асізскі і султан Малік Аль-Каміль — вырашаюць, супраць волі сваіх адзінаверцаў, што лепш сустрэцца. Гэта вельмі важна: кардыналы забаранялі Францішку сустракацца, як і дарадцы султана, а яны вырашылі сустрэцца», — адзначыў Жан-Франсуа Ціры і выказаў надзею на тое, што форум паспрыяе дзейснаму сяброўству яго ўдзельнікаў.

Выстава была падрыхтавана яшчэ ў 2019 годзе для буйнога еўрапейскага хрысціянскага форуму — Мітынгу сяброўства народаў у Рыміні, які штогод ладзіць у гэтым італьянскім горадзе рух Comunione e Liberazione. Тэксты выставы адмыслова былі перакладзены на рускую мову для паказу ў Расіі.

Эпіграфам экспазіцыі сталі словы айца Франчэско Патона OFM, кіраўніка кустодыі на Святой Зямлі: «Васьмісотгадовы юбілей сустрэчы святога Францішка і султана дапамагае нам паглядзець на адносіны хрысціянаў і мусульманаў па-іншаму, убачыць магчымасць сустрэчы паміж людзьмі, якія належаць да розных цывілізацый і рэлігій. Трэба сапраўды быць здольнымі ўступіць у дыялог, быць адкрытымі, аддаць перавагу слову, а не мячу…»

Аўтары выставы прадстаўляюць гістарычныя партрэты сваіх герояў, прыводзячы сведчанні сучаснікаў. Экспазіцыя дае разгорнутую інфармацыю аб крыжовых паходах і масавым пілігрымаванні на Святую Зямлю ў сярэднявеччы, а таксама аб развіцці гандлёвага і культурнага ўзаемадзеяння Захаду і Усходу, пачынаючы з XI стагоддзя.

Цэнтральная падзея выставы — сустрэча Францішка з султанам Аль-Камілем, супраць якога крыжакі вялі ваенныя дзеянні. Матывы ў Францішка былі выключна місіянерскія: летам 1219 года ён хацеў перавесці арабскага кіраўніка ў хрысціянства.

Як жа ўспрыняў гэта султан, прыняўшы пасланца варожага боку? Крыніцы паведамляюць дзіўныя рэчы: «Ён жыва цікавіўся іншымі культурамі і быў вядомы сваёй адкрытасцю. Ён ахвотна прыняў тых, хто прасіў яго аб сустрэчы. Яго вельмі зацікавіў незвычайны падыход братоў, ён згадзіўся паразмаўляць з імі пра веру. Ён таксама праявіў сябе шчодрым чалавекам, прапанаваўшы Францішку падарункі, і загадаў суправадзіць яго здаровым да лагеру хрысціян».

Досвед гэтай сустрэчы і прапаведвання Францішка сярод мусульман адбіўся ў створаным манаскім статуце, дзе гаворка ідзе пра тое, каб, прапаведуючы сярод «няверных», законнікі сведчылі пра сваю веру перш за ўсё справамі.

На заканчэнне ў экспазіцыі робіцца акцэнт на сённяшнім стане хрысціянска-мусульманскага дыялогу, апавядаецца пра сустрэчу Папы Францішка і Вярхоўнага імама мячэці Аль-Азхар Ахмеда Аль-Тайеба ў Абу-Дабі ў 2019 годзе.

Выстава завяршаецца словамі Папы Францішка, у якіх, акрамя іншага, гучыць заклік не толькі да свабоды веравызнання, але і да аўтэнтычнага ўнутранага і знешняга дыялогу: «Тая прарочая сустрэча паказвае, што мужнасць пайсці насустрач і працягнуць руку адкрывае чалавецтву шлях да міру і гармоніі там, дзе экстрэмізм і нянавісць падзяляюць і разбураюць».

Абноўлена 09.04.2021 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа