Пошук

30.03.2021 13:40   Паводле: KAI / Пераклад і адаптацыя: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота religionnews.com

Пандэмія COVID-19 няўхільна змяніла рэлігійнае жыццё і выклікала «zoom-рэвалюцыю». Такое меркаванне выказалі кіраўнікі розных рэлігій і веравызнанняў Вялікабрытаніі.

Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ прыводзіць іх выказванні, спасылаючыся на лонданскіThe Telegraph.

Некаторыя суразмоўцы выдання параўноўваюць новую лічбавую эру з вынаходніцтвам друку ў XV стагоддзі. Так лічыць прымас англіканскай супольнасці арцыбіскуп Кентэрбэрыйскі Джастын Уэлбі.

«Пасланне Божай любові заўсёды тое самае. Мы ж павінны быць „жывымі“ ў зменах, якія адбываюцца ў спосабах яе перадачы», — сцвердзіў англіканскі іерарх і нагадаў, што ў гісторыі хрысціянства «спачатку была вусная традыцыя» перадавання веры, «потым прыйшоў друк, а цяпер у нас ёсць zoom».

Арцыбіскуп Джастын Уэлбі выказаў надзею на тое, што «прысутнасць Царквы анлайн будзе працягвацца і пасля пандэміі як сведчанне аб Хрысце ўсім людзям».

Паводле статыстыкі, на Брытанскіх выспах пасля ўвядзення абмежаванняў з прычыны пандэміі дзейнасць Царквы ў рэжыме анлайн ахоплівае 3,7 мільёны чалавек. Да гэтага трэба яшчэ дадаць 4,3 мільёны чалавек, якія карыстаюцца рознымі рэлігійнымі сэрвісамі ў зручны для іх час. Гэта найперш хворыя і тыя, хто жыве далёка ад святыні. У параўнанні з леташняй статыстыкай паказчыкі ўзраслі на 50 працэнтаў.

Арцыбіскуп Уэстмінстэрскі, старшыня епіскапату Англіі і Уэльса кардынал Вінсэнт Нікалс глядзіць на гэтую сітуацыю інакш.

Іерарх падкрэслівае, што «сэрцам каталіцкай веры з’яўляецца супольная святая Імша, хоць мы таксама адкрытыя творчым і бескарыслівым ініцыятывам, якія ўзніклі за апошні год».

Кардынал Нікалс адзначыў, што месяцы пандэміі, з аднаго боку, абмяжоўвалі дзеянні Касцёла, але з іншага рабілі іх больш творчымі: «Нашы касцёлы былі адкрыты, стаўшы аазісам супакою і прыватнай малітвы». Кардынал дадаў, што цяпер Касцёл з радасцю вяртаецца да цэлебрацыі Імшаў у супольнасці вернікаў.

Галоўны рабін Англіі Эфраім Мірвіс абвясціў, што ў кантэксце свята Пэсах, якое рапачалося ўвечары 27 сакавіка і працягнецца да 4 красавіка, частка святочных урачыстасцяў будзе праходзіць «выключна ў рэжыме анлайн». На яго думку, такі спосаб святкавання з’яўляецца добрым плюсам «zoom-рэвалюцыі», асабліва калі з’яўляецца магчымасць паяднацца з «удзельнікамі свята з усяго свету».

Аналагічным чынам выказалася Зара Мухамед, генеральны сакратар мусульманскай рады Вялікабрытаніі: «Эластычнасць, да якой мы павінны былі прызвычаіцца падчас пандэміі, спрыяе стварэнню новых звычаяў і нормаў для цэлых супольнасцяў і ўстаноў».

Генеральны сакратар Індуісцкай рады ў Вялікабрытаніі Раджніш Каш’яп таксама выказаўся пазітыўна адносна новай рэчаіснасці. Ён сцвердзіў, што «перанос веры ў лёгкадасяжны віртуальны свет дазволіў атрымаць новы досвед, такі як анлайн-малітвы і адзначэнне святаў з дапамогай zoom». Раджніш Каш’яп дадаў, што «дар тэхналогіі дазволіў нам заставацца ў духоўнай лучнасці з іншымі, захоўваючы пры гэтым наша фізічнае здароўе праз сацыяльную дыстанцыю».

Іншае бачанне прадставіў Бхай Амрык Сінгх, старшыня Сікхскай Федэрацыі. Як адзначыў Амрык Сінгх, нішто не можа замяніць сапраўдныя набажэнствы.

«Нішто не можа замяніць фізічнай прысутнасці, супольнага слухання, удзелу ў кіртане і чытання Ардаас у супольнасці», — сцвердзіў старшыня, дадаўшы, што пасля пандэміі толькі сустрэчы арганізацыі могуць практыкавацца ў віртуальным фармаце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця