Пошук

17.03.2021 13:04   Паводле: KAI / Пераклад: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота wikimedia.org

«Давайце скончым з ілжыва-аптымістычнай ідэяй барацьбы з вірусам. Перамога над злом адбываецца не хутка», — перасцярог арцыбіскуп Балоньі кардынал Матэо Дзупі ў гадавіну першага лакдаўна ў Італіі і напярэдадні ўвядзення новых абмежаванняў, якія ахопяць усю краіну, акрамя Сардыніі.

Як адзначыў іерарх, словы якога прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, «Касцёл павінен адказна дапамагаць у барацьбе з вірусам і супрацьстаяць наступствам пандэміі, якія не скончацца разам з перамогай над вірусам».

«Вялікім выклікам з’яўляецца ўменне карыстацца сёння рэсурсамі, якія заўтра спатрэбяцца для адбудовы», — дадаў італьянскі арцыбіскуп, указваючы на важнасць узаемнай адказнасці і салідарнасці.

Па словах іерарха, «мы схільныя ўспрымаць жыццё як падзеі, якія змяняюць адна другую; схільныя атрымліваць усё адразу, як у сацыяльнай камунікацыі», але барацьба са злом — далёка не хуткая справа.

Трэба павялічваць матывацыю грамадства да пераадолення віруса, што, па словах кардынала Дзупі, патрабуе вялікіх намаганняў. Нічога не атрымаецца, калі не будзе асабістай адказнасці і адпаведных паводзін.

«Мы не можам чакаць цудоўнага вырашэння праблемы, што дапаможа нам распачаць усё нанава; так, як было раней. Вірус страшны, яго цяжка перамагчы, а гэта патрабуе належнай адказнасці цяпер і ў будучыні», — сцвердзіў іерарх.

Фота pixabay.com

Кардынал Матэо Дзупі нагадаў, што ў Італіі ад каранавірусу памерла больш за 100 тысяч чалавек.

«Гэта вайна, у гэтым няма сумневаў. У Нэмбра, невялікай камуне ў правінцыі Бергама, ад COVID-19 загінула больш людзей, чым у дзвюх сусветных войнах,— сцвердзіў італьянскі арцыбіскуп, які сам перанёс каранавірус. — Нам трэба выйсці з гэтага выпрабавання з усведамленнем таго, што мы павінны падрыхтаваць лепшую будучыню для тых, хто прыйдзе пасля нас».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа