Папа Францішак завяршыў свой апостальскі візіт у Ірак, які працягваўся з 5 па 8 сакавіка. Прапануем агульны агляд 33-а Апостальскага падарожжа Святога Айца, падрыхтаваны паводле матэрыялаў беларускай рэдакцыі Vatican News.
Папа Францішак — першы Пантыфік, які пабываў з апостальскім візітам у Іраку — калысцы цывілізацыі паміж рэкамі Тыграм і Эўфратам.
За гэтыя дні Папа наведаў гарады Багдад, Наджаф, Ур, Эрбіль, Масул і Каракош. Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі ўраду краіны, рэлігійнымі лідарамі, прадстаўнікамі каталіцкай супольнасці.
5 сакавіка. Дзень першы
Апостальскае падарожжа Папы Францішка распачалося прыватнай сустрэчай з прэзідэнтам Ірака Бархамам Салехам у Прэзідэнцкім палацы ў Багдадзе.
Варта адзначыць, што ў ходзе цырымоніі прывітання Святога Айца перад палацам як сімвал міру былі выпушчаны ў неба два галубы.
Пасля перамоваў з прэзідэнтам Папа сустрэўся з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу ў Багдадзе. Святы Айцец нагадаў палітыкам пра іх пакліканне «спрыяць духу салідарнага братэрства», заклікаў пакласці канец войнам і падтрымаў імкненне палітыкаў закласці асновы дэмакратычнага грамадства ў Іраку.
Потым Святы Айцец скіраваўся ў катэдральны касцёл Маці Божай Збаўлення ў Багдадзе, дзе сустрэўся з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і вернікамі краіны. Удзельнікам сустрэчы Папа нагадаў пра іх супольную адказнасць за выкананне місіі Касцёла.
6 сакавіка. Дзень другі
Раніцай Папа Францішак скіраваўся ў святы для іракскіх шыітаў горад Наджаф, дзе сустрэўся з іх духоўным лідарам Вярхоўным Аяталой Саідам Алі Эль-Хусаймі Аль-Сістані ў яго рэзідэнцыі.
Пантыфік падзякаваў Вярхоўнаму Аятале Аль-Сістані за тое, што перад абліччам насілля і вялікіх цяжкасцяў мінулых гадоў ён разам з шыіцкай супольнасцю выступаў у абарону самых слабых і прыгнечаных, пацвярджаючы святасць чалавечага жыцця і важнасць адзінства іракскага народа.
У гэты ж дзень на тэрыторыі старажытнага Ура ў Іраку прайшла міжрэлігійная сустрэча, падчас якой Пантыфік нагадаў: «Гэтае месца вяртае нас да каранёў, да вытокаў Божай дзейнасці, да нараджэння нашых рэлігій. Тут, дзе жыў наш айцец Абрагам, здаецца, мы нібыта вяртаемся дадому. Тут ён пачуў заклік Бога, адсюль выправіўся ў падарожжа, якое змяніла гісторыю. Мы — плён гэтага закліку і гэтага вандравання».
Папа дадаў, што ў Уры Бог сказаў Абрагаму паглядзець на неба і палічыць зоркі, якія асвятляюць нават самыя цёмныя ночы, бо ззяюць разам, таму «неба нясе нам пасланне адзінства».
Вечарам Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў багдадскай катэдры святога Юзафа, дзе заклікаў іракскіх вернікаў прытрымлівацца евангельскіх благаслаўленняў, давяраючы абяцанням Бога. Пантыфік памаліўся за шматлікіх сведкаў, «часта забытых у выпусках навін, але каштоўных у вачах Бога».
7 сакавіка. Дзень трэці
Раніцай Папа скіраваўся на поўнач краіны — у сталіцу Іракскага Курдыстана. Пантыфіка прывіталі прадстаўнікі мясцовых рэлігій і грамадзянскіх уладаў, пасля чаго Святы Айцец правёў кароткую прыватную сустрэчу з прэзідэнтам Курдскай аўтаномнай акругі Нэчырванам Барзані і прэм’ер-міністрам Масрурам Барзані.
Потым Святы Айцец на верталёце вылецеў ў Масул, каб узначаліць малітву за ахвяр вайны. Малітва прайшла сярод руін чатырох святыняў розных канфесій, знішчаных ісламскімі тэрарыстамі ў 2014–2017 гадах. Папа Францішак пачуў кранальныя сведчанні пра лёс шматлікіх хрысціянскіх сем’яў, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы, і пра рэлігійную разнастайнасць рэгіёну.
Папа заўважыў, што трагічнае змяншэнне колькасці вызнаўцаў Хрыста ў Іраку і на ўсім Блізкім Усходзе наносіць вялікую шкоду не толькі самім вернікам і хрысціянскім супольнасцям, але і грамадствам, якія яны пакідаюць.
У гэты ж дзень Пантыфік наведаў іракскі горад Каракош, адметны тым, што большасць яго насельніцтва складаюць хрысціяне. Папа сустрэўся з мясцовай супольнасцю і правёў малітву «Анёл Панскі».
Святы Айцец даручыў адраджэнне Каракоша заступніцтву Багародзіцы, фігура якой была зноў усталявана на адбудаваным катэдральным касцёле.
«Яе аблічча было паранена і зняважана, але Маці Божая працягвае глядзець на нас з ласкавасцю, бо так робяць усе маці: яны суцяшаюць, падтрымліваюць, даюць жыццё. І я хачу ад усяго сэрца падзякаваць усім маці і жанчынам гэтай краіны: мужным жанчынам, якія працягваюць даваць жыццё, нягледзячы на ўсе цяжкасці і раны. Яны заслугоўваюць самай глыбокай павагі і абароны, увагі грамадства і магчымасцяў для будучыні», — падкрэсліў Святы Айцец.
Кульмінацыйнай падзеяй падарожжа Святога Айца ў Ірак стала Эўхарыстыя на стадыёне імя Франсо Харыры ў горадзе Эрбіль.
Там Святы Айцец заўважыў, што Касцёл у Іраку рабіў і працягвае рабіць шмат, каб абвяшчаць цудоўную мудрасць крыжа, распаўсюджваючы міласэрнасць Хрыста і прабачэння, асабліва сярод, тых, хто знаходзіцца ў нястачы. Нават ва ўмовах велізарнай беднасці і цяжкасцяў Касцёл у Іраку аказвае дапамагу патрабуючым.
«Гэта адна з прычын, якая падштурхнула мяне прыехаць у пілігрымку да вас, каб падзякаваць вам і ўмацаваць вас у веры і сведчанні. Сёння я маю магчымасць убачыць і адчуць, што Касцёл у Іраку жывы, што Хрыстус жывы і дзейнічае ў сваім святым і верным народзе», — адзначыў Пантыфік на заканчэнне гаміліі.
8 сакавіка. Дзень развітання
У 9.45 па мясцовым часе самалёт з Пантыфікам на борце вылецеў з Багдада ў кірунку Рыма.
Перад развітаннем з іракскай сталіцай Папа прыватна цэлебраваў святую Імшу ў капліцы Апостальскай нунцыятуры.
У аэрапорце Святы Айцец меў кароткую прыватную размову з прэзідэнтам Ірака Бархамам Салехам, які суправаджаў Папу да трапа самалёта.
На ўспамін пра «гістарычную сустрэчу» Папы Францішка з шыіцкім аяталой Алі Аль-Сістані ў Іраку будзе ўведзены Нацыянальны дзень талерантнасці і суіснавання. Ён будзе адзначацца штогод 6 сакавіка.