Душпастыр іракскіх хрысціянаў халдэйскага абраду ў Германіі ксёндз Рэбвар Баса адзначае, што яго вернікі са смуткам і непакоем ставяцца да апостальскага падарожжа Святога Айца на іх радзіму, якое распачнецца 5 сакавіка.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ са спасылкай на vaticannews.va, большасць хрысціянаў Ірака сёння жывуць як бежанцы. Войны і пераслед вымусілі іх пакінуць землі, на якіх вучні Хрыста жывуць з часоў апосталаў.
Святар падкрэслівае, што яго вернікі хацелі б быць у гэтыя дні на сваёй зямлі, бо яны разумеюць, наколькі гістарычным з’яўляецца папскі візіт. Упершыню ў гісторыі наступнік Пятра скіроўваецца на тэрыторыю Месапатаміі.
«Іракскія хрысціяне з’яўляюцца карэннымі жыхарамі ў гэтым рэгіёне. Касцёл сфармаваўся там у першыя стагоддзі хрысціянства дзякуючы евангелізацыі святога апостала Тамаша.Іракскія хрысціяне трывала захоўвалі сваю веру з першых стагоддзяў. Сёння, аднак, мясцовая супольнасць вучняў Хрыста значна зменшылася з прычыны апошніх войнаў і пераследу», — адзначае душпастыр іракскіх бежанцаў у Германіі.
«Нам прыкра, што мы не можам там быць. Мы хацелі ўдзельнічаць у гэтай вялікай падзеі як супольнасць іракскіх хрысціянаў у Германіі. На жаль, з-за пандэміі мы не можам здзейсніць гэтага падарожжа.
Мы хвалюемся, бо ведаем, што ў Іраку па-ранейшаму неспакойна. Працягваюцца многія канфлікты, існуе шмат праблем, дзейнічаюць шматлікія ўзброеныя групоўкі, штодзень адбываюцца тэракты, бамбардзіроўкі. Людзі працягваюць паміраць, таму мы непакоімся за Святога Айца. Мы будзем суправаджаць яго малітвай. Просім Бога, каб ён як пасланец міру прынёс мір у Ірак і каб спакойна вярнуўся ў Рым», — падзяліўся ксёндз Баса.