Пошук

25.02.2021 10:35   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Пасхалы, аздобленыя вязнямі Пальяна. Фота CNS

Праект «Святло свабоды» стартаваў у вязніцы Пальяна ў дыяцэзіі Палестрына, непадалёк ад Рыма. Удзельнікамі праекту з’яўляюцца асуджаныя, якія ўласнаручна будуць размалёўваць пасхалы, прызначаныя для капліц у італьянскіх карных установах.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, акцыю ініцыяваў інспектар Італьянскіх турэмных капліц разам з мастацкім таварыствам Liberi nell’arte.

Праект «Святло свабоды» — гэта элемент маштабнай праграмы італьянскага турэмнага ведамства, мэта якога заключаецца ў тым, каб праз мастацтва спрыяць рэсацыялізацыі вязняў.

Праект базуецца на сацыяльным вучэнні Касцёла.

«Гэта ўсяго толькі дробны элемент працэсу рэінтэграцыі з грамадствам, але вельмі істотны. Язык мастацтва вучыць заўважаць свае пачуцці», — адзначыў кс. Рафаэле Грымальдзі, генеральны інспектар італьянскіх турэмных капеланаў і аўтар ініцыятывы.

Як падкрэсліў кс. Грымальдзі, было вырашана заняцца менавіта пасхаламі, «каб паказаць, што Хрыстус з’яўляецца святлом і што толькі Ён паказвае шлях да сапраўднай свабоды, зрывае кайданы зла і падымае тых, хто ўпаў; вяртае чалавецтву, пакрытаму цемрай, святло міласэрнасці і чуласці».

На думку святара, пакаранне праз пазбаўленне волі не можа абмяжоўвацца толькі ізаляцыяй асобы ад грамадства: яно павінна мець таксама пазітыўны аспект.

Як дадаў генеральны інспектар, гэты праект «дапамагае лячыць раны вязняў, запаўняць пустку, якая часта ў іх з’яўляецца».

У 2017 годзе Папа Францішак наведаў вязніцу ў Пальяна, дзе падчас цэлебрацыі святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер абмыў ногі вязням.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця