Вакцынацыя ад COVID-19, арганізаваная ў некаторых дыяцэзіях Іспаніі ў катэхетычных класах, будзе наладжана і ў вялікіх святынях.
Касцёльнае кіраўніцтва гэтай краіны ўжо дало сваю згоду на ўваход для вакцынацыі ў базыліку Святой Сям’і ў Барселоне, што на паўночным усходзе краіны. Другой вялікай святыняй будзе катэдральны касцёл Святой Марыі ў Таледа (цэнтральная частка Іспаніі).
Як са спасылкай на іспанскае выданне El Español паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, зараз кіраўніцтва дыяцэзіі разам з міністэрствам аховы здароўя вызначаюць правілы, на аснове якіх будзе праходзіць вакцынацыя ўнутры святыняў.
Сярод грамадскіх месцаў, якія выкарыстоўваюцца для масавай вакцынацыі насельніцтва Іспаніі, між іншым, цэнтры культуры і спартыўныя аб’екты.
Паводле агенцтва Europa Press, у некалькіх месцах Іспаніі распачалася вакцынацыя ад COVID-19 у музеях, а неўзабаве будуць адкрыты і некаторыя арэны, дзе да пандэміі арганізоўваліся баі з быкамі.
Паводле інфармацыі санітарных службаў Каталоніі, іх рэгіянальныя аддзелы чакаюць вялікія партыі прышчэпак, каб распачаць вакцынацыю на тэрыторыі буйных грамадскіх аб’ектаў, сярод якіх будзе і стадыён Camp Nou, што належыць футбольнаму клубу «Барселона».