У судах Злучаных Штатах вядзецца шмат працэсаў супраць духоўных асоб, якіх абвінавачваюць у выкарыстанні непаўналетніх, але разам з тым усё часцей разглядаюцца справы аб фальшывым абвінавачванні святароў у гэтых злачынствах.
Як са спасылкай на штодзённае амерыканскае выданне USA Today паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, дыяцэзіі ЗША некалькі гадоў таму ўсур’ёз пачалі разбірацца з праблемай сексуальных злачынстваў, учыненых духоўнымі асобамі супраць непаўналетніх. Былі створаны адукацыйныя праграмы, такія, як Virtus, практычны залік па якіх кожныя два гады павінен здаць кожны святар. Былі таксама зменшаны абмежаванні па часе, пасля якога можна звяртацца з позвай па такіх справах у касцёльныя струтуры.
Плёнам гэтага стала серыя новых спраў. Напрыклад, ва ўсіх пяці дыяцэзіях мітраполіі Нью-Джэрсі з 1 снежня, калі там было зменшана гэтае абмежаванне, з’явілася 240 новых абвінавачванняў, і архідыяцэзія ўжо заплаціла 35 млн даляраў кампенсацыі 311 ахвярам падобных злачынстваў.
На жаль, як аказалася, гэтую новую палітыку «касцёльнай празрыстасці» пачалі выкарыстоўваць розныя махляры.
Яны раптам «узгадваюць злачынствы», напрыклад, 40-гадовай даўніны, калі іх сведкаў ужо няма на гэтым свеце. Аднак многія такія спробы махлярства ўдаецца выявіць.
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў ЗША абнародавала найноўшыя даныя па гэтай справе. Паводле іх, з 1 ліпеня 2018 года па 30 чэрвеня 2019 года «неадпаведнымі паводле крытэрыя праўдзівасці» былі прызнаныя ажно 1787 скаргаў па справах выкарыстання непаўналетніх духоўнымі асобамі. Адзін працэнт ад гэтай колькасці склалі паклёпніцкія паказанні, 37 працэнтаў — абвінавачванні без ніякіх доказаў, 16 працэнтаў — «незадакументаваныя» паказанні, па якіх пракурору не ўдалося давесці, што злачынства наогул мела месца. Па астатніх 46 працэнтах спраў цяпер вядзецца следства.
У артыкуле апісваюцца трагедыі несправядліва абвінавачаных святароў.
Адным з некалькіх прыкладаў стала гісторыя ксяндза Роя Гербэргера з дыяцэзіі Буфала ў штаце Нью-Ёрк, які год таму вырашыў падаць у суд на 42-гадовага мужчыну, які абвінаваціў святара ў сексуальным выкарыстанні, што нібы мела месца ў яго дзяцінстве. Па выніках працэсу, які працягваўся паўгады, святар быў апраўданы. Як высветлілася, калі ён сустракаўся з бацькам меркаванай «ахвяры», каб дапамагчы таму пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці, ён ніколі не меў магчымасці застацца сам-насам з меркаваным «пацярпелым».
Пра тое, што ксёндз Рой Гербэргер перажыў, калі быў абвінавачаны ў выкарыстанні, ён з болем распавёў журналістам: «Я адчуваў сябе адрынутым, разгубленым і ашуканым. Мне цяжка было выйсці з пакою, у якім я жыў, бо мне здавалася, што суседзі пачнуць паказваць на мяне пальцам са словамі: „Вось адзін з іх“».
Пасля выйгранага працэсу ў інтэрв’ю мясцовай газеце The Buffalo News святар сказаў:
«Мне трэба было заняць адпаведную пазіцыю, каб абараніць людзей ад такіх фальшывых абвінавачванняў».