72-гадовы святар, вядомы сваім служэннем бедным і абяздоленым, якія жывуць на вялікай сметніцы ў сталіцы Мадагаскара, намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру гэтага года.
Як паведамляе sedmitza.ru са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва CNA, айцец Пэдро Пабло Апека належыць да аргенцінскай правінцыі Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў (лазарыстаў). Гэта нешматлікая мужчынская кангрэгацыя, заснаваная Вінцэнтам дэ Полем у XVII стагоддзі.
У 2014 годзе ў ёй налічвалася ўсяго тры тысячы святароў. Нешматлікасць, аднак, не перашкаджае лазарыстам мець 510 кляштараў у 86 краінах.
Ацец Апека служыць бедным Мадагаскара ўжо больш за 30 гадоў. У 1989 годзе ён заснаваў гуманітарную асацыяцыю «Добры сябра» як «рух салідарнасці ў дапамогу найбяднейшым з бедных», якія жылі на сметніцы.
Прэм’ер-міністр Славеніі Янэз Янша паведаміў, што намінуе айца місіянера на Нобелеўскую прэмію міру 2021 года за яго «адданасць справе дапамогі людзям, якія жывуць у жахлівых умовах». Пад яго кіраўніцтвам асацыяцыя «Добры сябра» за гэтыя гады падаравала бяздомным і іх сем'ям больш за чатыры тысячы дамоў з цэглы і змагла даць адукацыю 13 тысячам дзяцей і моладзі.
Папа Францішак падчас свайго апостальскага візіту на Мадагаскар у верасні 2019 года наведаў «Горад сяброўства» на бязмежнай сметніцы, што вырасла на ўскраіне сталіцы краіны Антананарыву.
Пэдро Пабло Апека нарадзіўся ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) у 1948 годзе ў сям'і бежанцаў са Славеніі. Ва ўзросце 18 гадоў паступіў у семінарыю Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў у Сан-Мігеле. Праз два гады скіраваўся вывучаць філасофію ў Славенію, потым тэалогію ў Францыі, пасля чаго служыў яшчэ два гады місіянерам на Мадагаскары.
Убачыўцы адчайную беднасць у сталіцы Мадагаскара, дзе людзі жылі на вялікіх сметніцах ў кардонавых каробках, а дзеці змагаліся са свіннямі за аб’едкі, будучы святар вырашыў служыць ім з усіх сіл.
У 1975 годзе ў Буэнас-Айрэсе ён атрымаў святарскае пасвячэнне і вярнуўся на Мадагаскар, дзе служыць па сёння.
На сродкі замежных ахвярадаўцаў і дзякуючы працы мясцовых добраахвотнікаў, па ініцыятыве асацыяцыі, якую ўзначальваў айцец Апека, тут былі пабудаваныя вёскі, школы, прадуктовыя банкі, малыя прадпрыемствы і нават шпіталь для бедных.
У час пандэміі місіянер працуе яшчэ больш напружана, каб дапамагчы бедным, якія церпяць яшчэ большую нястачу з прычыны каранцінных абмежаванняў і беспрацоўя.
Аргенцінскі місіянер намінаваны на прэмію міру ўжо другі раз. Упершыню яго кандыдатуру прапанавалі парламентарыі Славеніі ў 2012 годзе.
Сярод іншых намінантаў на Нобелеўскую прэмію 2021 года — рух Black Lives Matter, Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Грэта Тунберг, Дональд Трамп, Стэйсі Абрамс, Джаред Кушнер, Аляксей Навальны і Святлана Ціханоўская. Сярод намінантаў таксама 82-гадовы юрыст-католік Марцін Лі Чу-мінь, заснавальнік партыі «Аб’яднаныя дэмакраты Ганконга», які ўжо амаль 40 гадоў выступае за ўсеагульнае выбарчае права ў гэтай краіне.
У мінулым годзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стала Сусветная харчовая праграма ААН. Чакаецца, што пераможца гэтага года будзе абвешчаны ўвосень.