
Самая пажылая жыхарка Еўропы і найстарэйшая законніца ў свеце, 117-гадовая сястра Андрэ, шарытка з Тулона, перанесла каранавірусную інфекцыю і вярнулася да здароўя.
З жыццём незвычайнай сястры знаёміць сайт famillechretienne.fr. Сястра Андрэ належыць да супольнасці сясцёр Святога Вінцэнта дэ Поля. Яна з’яўляецца другой па працягласці жыцця асобай у свеце пасля 118-гадовага японца Канэ Танакі і самым пажылым чалавекам у Еўропе.
Свой 117-ы дзень нараджэння яна будзе адзначаць 11 лютага ў доме састарэлых святой Кацярыны Лябурэ ў Тулоне.
Сястра Андрэ, у свеце — Люсіль Рэндон, — нарадзілася ў Алесе, што ў дэпартаменце Гар на поўдні Францыі, у непрактыкуючай пратэстанцкай сям’і. Ва ўзросце 26 гадоў яна навярнулася ў каталіцтва.
«Гэта была палёгка і суцяшэнне. Гэта была вялікая дапамога», — прызнаецца жанчына, якая тады ж прыняла хрост у парыжскім касцёле святога Францішка Ксавэрыя.
У 1944 годзе, ва ўзросце 40 гадоў, яна прынесла законніцкія шлюбы ў Кангрэгацыі дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля ў Парыжы. Сясцёр гэтай кангрэгацыі называюць шарыткамі ад французскага слова charité — міласэрнасць. У наступным годзе яе скіравалі ў шпіталь у Вішы, дзе яна праслужыла 28 гадоў. Сястра Андрэ ў сваім служэнні справе міласэрнасці асаблівым чынам прысвячала сябе клопату пра сіротаў.
Як лічыць сама законніца, «лекам ад старасці» для яе сталі вернасць штодзённай Імшы і шматгадзінная малітва.
«Я ўвесь час размаўляю з Богам», — прызнаецца сястра Андрэ.
Можна лічыць амаль цудам тое, што ўсяго месяц таму, 16 студзеня, найстарэйшая законніца ў свеце прайшла тэст, які паказаў у яе наяўнасць вірусу COVID-19.
Як паведамляе часопіс Var Matin, санітарныя ўлады лічылі, што яе будзе немагчыма ўратаваць. Даведаўшыся пра хваробу, сястра не выказала ніякага страху, але вельмі перажывала за іншых жыхароў пансіянату. У выніку, усё скончылыся для яе добра: яна перанесла інфекцыю бессімптомна.
Самым балючым для сястры Андрэ падчас хваробы стала немагчымасць асабістай прысутнасці на штодзённай святой Імшы.