13 лістапада парафію Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску (Віцебская дыяцэзія) наведалі сёстры з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (шарыткі) разам з прадстаўнікамі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі (Дзеці Марыі), каб расказаць вернікам пра Цудоўны медалік.
Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах Kascelmery.by, сустрэча адбылася ў межах падрыхтоўкі да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ, якое будзе адзначацца ў 2030 годзе.
Па ініцыятыве Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля і сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці 27 лістапада 2021 года распачалася дзевяцігадовая Навэнна да Маці Божай Цудоўнага медаліка — медаліка Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
31 мая 2022 года Каталіцкія Біскупы Беларусі благаславілі сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці і Ксяндзоў Місіянераў на правядзенне Навэнны «Цудоўны медалік: знак з Неба і ўказальнік шляху да Неба», у межах якой запланавана перэгрынацыі медаліка па парафіях Беларусі. У нашай краіне перэгрынацыя распачалася ў верасні з Пінскай дыяцэзіі.
У Віцебскай дыяцэзіі сёлета медалік наведае тры парафіі. 16 кастрычніка сёстры шарыткі пабывалі ў Браславе, цяпер — Верхнядзвінск, а 27 лістапада Цудоўны медалік сустрэнуць у парафіі святой Барбары ў Віцебску.
Каб расказаць пра Цудоўны медалік і аб’яўленні Маці Божай, у Верхнядзвінск прыехалі сястра Ірына Грыгаровіч Fdlc з Шуміліна і сястра Валянціна Гацкевіч Fdlc з Мінска. Пасля святой Імшы сястра Ірына распавяла гісторыю аб’яўленняў Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ, засяродзіўшы асаблівую ўвагу на надзвычайнай моцы Цудоўнага медаліка для тых, хто яго носіць з пашанай.
Сястра заклікала маліцца да Маці Божай Цудоўнага медаліка аб неабходных ласках для сябе і сваіх блізкіх, а асабліва для тых, хто адыйшоў ад Бога, аб іх навяртанні.
Пасля Ірына і Ульяна — дзяўчаты, якія прыехалі разам з сёстрамі з Мінска і з-яўляюцца прадстаўніцамі Вінцэнтскай Марыйнай моладзі, — раздалі ўсім прысутным невялікія буклеты «Дар Марыі», у якіх апавядаецца пра гісторыю і сутнасць аб’яўленняў Маці Божай.
Потым усе разам памаліліся Навэнну да Маці Божай, якая аб’явіла Цудоўны медалік, просячы аб Божых ласках для кожнага з прысутных, для нашай краіны і ўсяго свету. На заканчэнне сустрэчы сёстры разам з моладдзю ўручылі медалікі ўсім ахвотным.
Прыемны факт: тэкст малітвы на медаліках выгравіраваны на беларускай мове.