Паведамленне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
адносна ініцыятывы Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля, якая датычыцца дзевяцігадовай навэнны, прысвечанай падрыхтоўцы да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ
У 2030 годзе будзе адзначацца 200-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ. У сувязі з гэтым юбілеем па ініцыятыве Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля і сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці 27 лістапада 2021 года ў Польшчы распачалася дзевяцігадовая Навэнна да Маці Божай Цудоўнага медаліка (медаліка Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі), да якой можна далучыцца ў любы момант.
Паколькі пасланне, якое абвясціла Маці Божая ў 1830 годзе, і Яе медалік — сімвал гэтага паслання — актуальныя ва ўсе часы і асабліва сёння, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ахвотна падтрымлівае гэтую ініцыятыву абедзвюх Кангрэгацый святога Вінцэнта дэ Поля.
Заахвочваем шаноўных святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў актыўна далучыцца да гэтай важнай справы.
Падчас Навэнны, якая будзе працягвацца да 2030 года, сёстры Кангрэгацыі і вызначаныя для гэтай мэты прадстаўнікі Вінцэнтынскай Марыйнай моладзі (Дзеці Марыі) плануюць наведваць парафіі дыяцэзій, бліжэй знаёмячы вернікаў з пасланнем Беззаганнай Панны Марыі. Божая Маці нагадвае нам пра свой удзел у збаўчай місіі Хрыста, і напамінам гэтага служыць медалік. Пра гэта сведчыць яго сімволіка, якая паказвае, што Беззаганная Панна Марыя з’яўляецца часткаю таямніцы Хрыста і Касцёла, як гэта падкрэслена Другім Ватыканскім Саборам у дагматычнай Канстытуцыі Lumen gentium.
Такім чынам, медалік Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта знак асаблівай апекі Багародзіцы над кожным, хто яго носіць, на шляху да збаўлення. Варта прыгадаць аб гэтым у наш неспакойны час, калі ў свеце існуе так шмат фізічных і духоўных пагроз для чалавека.
Навэнна будзе мець характар своеасаблівай «перэгрынацыі медаліка»; яе асноўная тэма — «Цудоўны медалік: знак з Неба і ўказальнік шляху да Неба».
Спадзяемся, што гэтая ініцыятыва паспрыяе ажыўленню веры, аднаўленню жыцця ў Хрысце, а таксама будзе садзейнічаць духоўнай падрыхтоўцы не толькі да 200-годдзя аб’яўлення Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ, але перадусім да 2000-гадовага Юбілею адкупленчай смерці Езуса Хрыста у 2033 годзе, бо, як было падкрэслена вышэй, гэтае аб’яўленне Найсвяцейшай Панны Марыі ў яго хрыстацэнтрычным вымярэнні вядзе наўпрост да Крыжа Езуса Хрыста.
На правядзенне Навэнны «Цудоўны медалік: знак з Неба і ўказальнік шляху да Неба» сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці і Ксяндзоў Місіянераў ад усяго сэрца благаслаўляем
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 31 мая 2022 года, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі