У Англіі і Уэльсе вядуцца грамадскія кансультацыі адносна прапановы ўрада легалізаваць так званы аборт Do It Yourself (DIY), які можна здзяйсняць дома да дзясятага тыдня жыцця зачатага дзіцяці.
Такую магчымасць, як паведамляе інфармацыйнае агенцтва КАІ, увялі ў Вялікабрытаніі ў сакавіку 2020 года пад маркай абароны ад распаўсюджвання вірусу Covid-19. На сёння жанчыны і дзяўчыны-падлеткі выключна пасля відэакансультацыі з урачом атрымліваюць праз пошту таблеткі.
Дадзены абартыўны сродак можа спыніць зачатае жыццё на кожнай фазе развіцця плода.
У грамадскіх дэбатах адносна пастаяннай легалізацыі DIY звяртаецца ўвага на адсутнасць непасрэднай сустрэчы жанчыны з урачом, а таксама выказваецца перасцярога, што падобны закон можа прывесці да росту хатняга насілля.
Статыстыка хатніх абортаў, зробленых у Вялікабрытаніі за мінулы год, яшчэ не вядомая, падобна як і колькасць дзяцей, забітых пасля 10 тыдня жыцця, выпадкі чаго былі зафіксаваны.
Таму няма ўпэўненасці, што, маючы абартыўныя сродкі, жанчына не здзейсніць аборт на больш позніх тэрмінах цяжарнасці або не перадасць таблеткі камусьці іншаму.
Выказацца супраць пастаяннай легалізацыі DIY грамадства Англіі можа яшчэ да 26 лютага.