Пошук

04.02.2021 12:40   Паводле: КАІ / Catholic.by
Арцыбіскуп Неапаля Дамэніко Баталья / Фота: Repubblica.it

Арцыбіскуп Неапаля Дамэніко Баталья, які ўступіў на сваю пасаду 2 лютага, мае намер рашуча выступаць супраць мафіёзнай структуры «камора» і кожнай формы арганізаванай злачыннасці.

Як сказаў іерарх на наступны дзень пасля ўступлення на пасаду ў інтэрв’ю папулярнаму італьянскаму штодзённіку Avvenire, «Касцёл пакліканы адыграць прарочую ролю ў гэтай барацьбе». Арцыбіскуп Баталья, чые словы перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, дадаў, што ў гэтай справе неабходна ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі і весці яе ва ўсіх сферах.

На думку арцыпастыра, эканамічныя наступствы каранавіруснага лакдаўну дазволілі «вірусу мафіі» лягчэй пранікаць у «раны сацыяльнай несправядлівасці».

Мафія абяцае свабоду і хуткі прыбытак, а насамрэч трымае людзей у сваіх кіпцюрах, сцвярджае новы арцыбіскуп Неапаля.

Ён адзначыў, што адзінай зброяй Касцёла і дзяржавы ў гэтай барацьбе з’яўляецца давер. Калі яго не ўдасца вярнуць, «камора» будзе надалей уцягваць у сваю сістэму ўсё больш моладзі.

«Вяртанне даверу магчымае толькі дзякуючы канкрэтнай дзейнасці на карысць людзей», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Дамэніко Баталья, якому 20 студзеня споўнілася 58 гадоў, быў прызначаны на гэтую пасаду ў снежні мінулага года. Яго папярэднікам на Неапалітанскай катэдры быў сённяшні кардынал Крэшчэнцыё Сэпэ, які кіраваў архідыяцэзіяй з 2006 года. Увесь італьянскі рэгіён Кампаньі, сталіцай якой з’яўляецца Неапаль, вядомы вострымі сацыяльнымі праблемамі і вялікай актыўнасцю крымінальнага свету.

Цікава, што новы неапалітанскі арцыбіскуп мае вельмі «ваяўнічае» прозвішча: Battaglia у перакладзе з італьянскай мовы азначае «змаганне». Як вынікае з яго інтэрв’ю Avvenire, сваё змаганне іерарх плануе весці з найбольшым сацыяльным злом у сваёй архідыяцэзіі.

Абноўлена 04.02.2021 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа