Пошук

09.04.2021 12:27   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: elconfidencial.com

8 красавіка распачалася трохдзённая міжнародная анлайн-канферэнцыя на тэму «Вера і развіццё: стратэгія прадухілення і лячэння сексуальных злоўжыванняў у адносінах да дзяцей».

У форуме, арганізаваным Гарвардскім універсітэтам супольна з Папскай радай па справах абароны непаўналетніх, бяруць удзел 1300 асоб, якія на працягу трох дзён выслухаюць амаль 70 выступленняў. У сімпозіюме ўдзельнічаюць прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і пратэстанцкіх супольнасцяў, а таксама юдэі і мусульмане.

Як падкрэсліваюць арганізатары, сексуальнае выкарыстанне непаўналетніх — з’ява глабальная.

Да ўдзельнікаў форуму, як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, скіраваў пасланне Папа Францішак, які выказвае надзею, што гэтая канферэнцыя дапаможа ўсвядоміць глабальнасць з’явы сексуальнага выкарыстання дзяцей, а таксама паспрыяе «больш плённаму супрацоўніцтву на ўсіх узроўнях грамадства з мэтай выкаранення гэтага глыбокага зла».

Галоўным арганізатарам форуму выступае Джэніфэр Уордэм, сям’я якой была паранена болем, звязаным з выкарыстаннем духоўнай асобай яе двух братоў. На той час ім было каля 10 гадоў.

«Гэта быў траўматычны досвед для нашай сям’і, бо мы былі пабожнымі католікамі. Дзед дапамагаў пры будаўніцтве касцёла, а бабуля шыла абрусы на алтар і гатавала абеды святару, які пакрыўдзіў маіх братоў. Гэты ксёндз быў вельмі блізкі нам. Я б сказала, быў членам нашай пашыранай сям’і», — адзначыла арганізатар форуму, узгадваючы, што яе браты шмат гадоў змагаліся з наступствамі тых выкарыстанняў.

«Калі мы выказаліся ў 90-х гадах, то з боку Касцёла да нас вельмі непрыхільна паставіліся», — падкрэсліла Джэніфэр Уордэм, дадаючы, што і яна, і яе мама пакінулі супольнасць Касцёла і шукалі аздараўлення ў іншых рэлігійных супольнасцях. У 2015 годзе Джэніфэр адчула жаданне зайсці памаліцца ў Касцёл, і так распачаўся яе шлях вяртання і аўтэнтычнага аздараўлення: «Бог перамяніў нашае цярпенне ў шлях аздараўлення іншых».

«На канферэнцыі ўздымаецца праблема сексуальнага вырыстання дзяцей ва ўсіх рэлігійных супольнасцях і ў цэлым у грамадстве. Мы ўздымаем розныя вымярэнні гэтай з’явы.Напрыклад, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Дэніс Маквэг будзе казаць пра сексуальнае насілле як ваенную зброю, — паведаміла Джэніфэр Уордэм. — Мы канцэнтруемся на тым, як найлепш прадухіляць выкарыстанне і адначасова дапамагчы ў аздараўленні ахваяраў, якія пацярпелі. Гэта датычыцца не толькі касцёльных структур, але і сямейнага кола, школы ці скаўцкіх арганізацый».

У 2016 годзе Уордэм напісала Папу Францішку пра балючы досвед сваёй сям’і. Пантыфік запрасіў яе на агульную аўдыенцыю, падчас якой жанчына падарыла Пантыфіку «птушынае гняздо як сімвал бяспечнага месца, якое павінна мець кожнае дзіця». Джэніфэр Уордэм дадае, што вельмі цэніць удзел Святога Айца ў вырашэнні праблемы сексуальных выкарыстанняў і яго жаданне дапамагаць ахвярам.

Джэніфэр Уордэм выступіла з прапановай, каб ААН устанавіла Сусветны дзень прадухілення, аздараўлення і справядлівасці ў сувязі з сексуальнымі выкарыстаннямі непаўналетніх.

Арганізатар форуму прапанавала, каб такі дзень адзначаўся штогод 8 красавіка. Гэта дата нараджэння аднаго з яе пакрыўджаных братоў.

«Такім чынам мы паказалі б, што гэта праблема не толькі Каталіцкага Касцёла, яна закранае ўсе класы і слаі грамадства», — сцвердзіла Уордэм, падкрэсліўшы, што толькі шчыльнае супрацоўніцтва з іншымі краінамі і кіраўнікамі розных рэлігій можа пакласці канец сексуальнаму выкарыстанню непаўналетніх.

Абноўлена 09.04.2021 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця