23 студзеня адбылася цырымонія афіцыйнай перадачы касцёла свяога апостала Барталамея ў Гранадзе (Іспанія) у карыстанне рускай праваслаўнай супольнасці горада.
Як паведамляе Оrthodoxspain.com, дамова аб перадачы святыні была падпісана на заканчэнне ўрачыстага набажэнства з удзелам праваслаўнага архіепіскапа Мадрыдскага і Лісабонскага Нестара і каталіцкага арцыбіскупа Гранады Франсіско Хав’ера Марцінэса Фэрнандэса.
Звяртаючыся да прысутных, архіепіскап Нестар сказаў, што Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў у Гранадзе адзначыўся не толькі малітвамі і добрымі пажаданнямі, але і канкрэтным сведчаннем братэрскіх адносінаў паміж католікамі і праваслаўнымі. Ён выказаў удзячнасць арцыбіскупу Фэрнандэсу за ўдзел у жыцці праваслаўнай супольнасці і шматгадовыя добрыя адносіны з Рускай Праваслаўнай Царквой.
Праваслаўная супольнасць у Гранадзе існуе з 2015 г. У 2018 г. было прынята рашэнне аб яе пераходзе ў юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату.
У 2020 годзе арцыбіскуп Фэрнандэс у адказ на просьбу архіепіскапа Нестара вырашыў перадаць рускай праваслаўнай супольнасці касцёл святога апостала Барталамея, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада.
На месцы касцёла знаходзілася мячэць, якая была ператворана ў касцёл, асвячаны ў 1501 годзе. У 1524 годзе будынак быў знесены, а да 1574 года завершана будаўніцтва сённяшняй святыні.