Пошук

27.01.2021 13:51   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота e-espe.pl

Сталы дыяканат — адзіная форма духоўнага служэння, якая не пакутуе ў сучасным Касцёле ад крызісу пакліканняў, лічыць дыякан Энцо Петраліна, які ўзначальвае супольнасць дыяканату ў Італіі.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, ён адзначыў, што ў гэтай краіне налічваецца больш за 4 з паловай тысячы сталых дыяканаў, 90 працэнтаў з якіх — бацькі сем’яў.

Пра вялікае значэнне абноўленага пасля Другога Ватыканскага Сабору сталага дыяканату Касцёл у Італіі пераканаўся асаблівым чынам падчас пандэміі. Многія дыяканы ўзначальваюць мясцовыя аддзяленнi Caritas або касцёльныя службы аховы здароўя. Калі пачаўся крызіс COVID-19, яны адразу ж апынуліся на перадавой, і некаторыя з іх заплацілі за гэта жыццём, кажа дыякан Петраліно.

У гэтым годзе Касцёл ў Італіі яшчэ больш хоча спрыяць распаўсюджванню служэння дыяканату.

Дзеля гэтага ён арганізуе серыю трэнінгаў і канферэнцый. Па словах дыякана Петраліна, гэта тым больш важна, што дыякан — сакрамэнтальны знак служэння, якое з’яўляецца абавязковым вымярэннем хрысціянскага жыцця ўсіх ахрышчаных.

«Аднак важна, каб сталыя дыяканы выкарыстоўваліся ў Касцёле адпаведным чынам. Бо дыяканат быў створаны не таму, што скончыліся святары і святарскія пакліканні, — адзначае ён. — Мяркуючы такім чынам, мы не зразумеем сутнасці дыяканату. Гэтая сутнасць уключае, у першую чаргу, той факт, што дыяканат належаць да сакрамэнту пасвячэння. Бо ёсць адзін сакрамэнт пасвячэння, які мае тры формы: дыяканату, прэзбітэрату і біскупства».

Яшчэ адным важным элементам гэтага служэння дыякан Петраліна назваў адносіны з біскупам.

«Дыяканаў пасвячаюць для біскупа. Яны павінны быць яго вачыма і вуснамі, яго пасланцамі ў мясцовых супольнасцях, каб яны ведалі, якія патрэбы мае Касцёл», — патлумачыў ён.

«Трэці важны аспект дыяканату — быць сакрамэнтальным знакам Хрыста-слугі. Служэнне дыякана павінна быць месцам, дзе можна зразумець пакору, прыніжэнне Бога, які ў Хрысце стаў слугой, — дадае дыякан Энцо Петраліна. — Вось чаму сёння так важна ўмацаваць дыяканат і зноў адкрыць яго ў нашых супольнасцях. Гэта служэнне на мяжы, на парозе нашых супольнасцяў, своеасаблівы мост паміж іерархіяй і свецкімі людзьмі. Нас пасвяцілі ў дыяканы, але мы жывем у свеце, у нас ёсць сям’я, праца. У гэтым заключаецца прыгажосць і навізна дыяканату ў Касцёле».

Рашэнне аб адраджэнні інстытуту сталага, або пастаяннага, дыяканату было прынята таксама беларускім епіскапатам, але кожны біскуп самастойна вырашае, ці патрэбныя ў яго дыяцэзіі сталыя дыяканы.

Абноўлена 27.01.2021 14:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа