Пошук

10.12.2020 11:39   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: donner.catholique.fr

9 лістапада Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Францыі паведаміла, што сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавірусу французскія дыяцэзіі панеслі страты на 90 млн еўра.

Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ перадае, што ў сувязі з гэтым французскія біскупы звярнуліся да вернікаў з просьбай усімі магчымымі спосабамі падтрымаць Касцёл у краіне, у тым ліку дасылаючы СМС-паведамленні на дабрачынны нумар.

Паводле падлікаў епіскапату, падчас першай хвалі пандэміі Касцёл у Францыі страціў 60 млн еўра, а ў выніку другой хвалі страты складуць каля 30 млн.

Намеснік Генеральнага сакратара канферэнцыі біскупаў па эканамічных і юрыдычных пытаннях кс. прэлат Амбруаз Ларан нагадаў, што Касцёл у Францыі ўтрымліваецца выключна з ахвяраванняў вернікаў. Аднак большую частку гэтага года французскія католікі не мелі магчымасці ўдзельнічаць у набажэнствах у касцёлах, што прывяло да агульнага змяншэння парафіяльных бюджэтаў на 30–40 працэнтаў.

Кожную нядзелю, у якую вернікі не маглі прысутнічаць на святой Імшы, парафіі не далічыліся 3–4 млн еўра. Яшчэ большыя фінансавыя страты панеслі санктуарыі, якія былі цалкам зачынены.

Каб кампенсаваць гэтыя страты, французскі епіскапат стварыў некалькі інтэрнэт-старонак, у тым ліку агульнанацыянальны партал quete.catholique.fr. Гэтыя ініцыятывы дапамагаюць кампенсаваць ад 5 да 10 працэнтаў страт, аднак гэтага яўна недастаткова. Хоць дзяржава аказвае дапамогу ўсім працадаўцам, каб яны маглі ўтрымліваць работнікаў (французскі Касцёл дае працу каля 8 тыс. асоб), аднак выдаткі пры гэтым не паменшыліся, а нават павялічыліся з-за санітарнага крызісу. У выніку, як зазначаецца, большасць дыяцэзій сутыкнецца з дэфіцытам бюджэту, які будзе набходна пакрыць з уласных абмежаваных сродкаў.

Адзін з праектаў французскага епіскапату, скіраваны на нівеляванне дэфіцыту, гэта збор сродкаў, арганізаваны з дапамогай СМС-паведамленняў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.