Ісламскія тэрарысты знішчылі адну з найстарэйшых каталіцкіх місій у Нангалолу ў Мазамбіку (правінцыя Кабу-Дэлгаду на поўначы краіны).
Як са спасылкай на партугальскую секцыю арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, місія была «акупавана і цалкам знішчана джыхадзістамі».
Па словах ксяндза Эдэгарда Сільвы з Бразіліі, які працуе ў гэтай правінцыі, многія паведамляюць, што ісламскія тэрарысты ўчынілі масавыя забойствы над мясцовым насельніцтвам у гэтай частцы Мазамбіка. «Уся мясцовая супольнасць уцякла адтуль. Мы схаваліся ў горадзе Пемба», — распавёў ён.
Місіянер дадаў, што ў апошнія тыдні джыхадзісты забівалі хрысціян, якія жывуць у Кабу-Дэлгаду.
«Каля дарог можна ўбачыць мноства цел, якія ўжо знаходзяцца ў фазе раскладання. Дзеянні тэрарыстаў жорсткія, шмат хто быў абезгалоўлены, а дамы падпалены і разбураны», — сказаў святар.
Па звестках мазамбікскіх СМІ, з-за частых нападаў джыхадзістаў, якія спасылаюцца на свае сувязі з «Ісламскай дзяржавай», у правінцыі страцілі дом ужо больш за паўмільёна чалавек, пераважна хрысціяне.