Пошук

27.11.2020 09:19   Паводле: КАІ, РІСУ / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: school.xvatit.com

Ужо традыцыйна чацвёртая субота лістапада, сёлета 28 лістапада, ва Украіне з’яўляецца Днём памяці ахвяраў Галадамору.

У гэты дзень нашыя браты ўкраінцы ўшаноўваюць памяць мільёнаў суайчыннікаў, якія загінулі ў выніку палітыкі генацыду ўкраінскага народа, якую праводзілі злачынныя савецкія ўлады на чале з шалёным дыктатарам Іосіфам Сталіным (Джугашвілі), каб такім чынам задушыць пратэсты сялянаў супраць прымусовай калектывізацыі.

Як нагадвае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Украіна, якая з-за незвычайнай ураджайнасці здаўна лічылася «свірнам Еўропы», у першай палове ХХ стагоддзя перажыла тры вялікія катастрофы голаду: у 1921–1923, 1932–1933 і 1946–1947 гг., найстрашнейшай з якіх стаў сталінскі Галадамор 1932–1933 гг., што ахапіў некалькі рэгіёнаў Савецкага Саюзу.

Сёння немагчыма дакладна вызначыць колькасць ахвяраў гэтай жахлівай трагедыі, але, паводле некаторых крыніц, можна казаць пра чатыры мільёны памерлых, большасць з якіх былі ўкраінцамі.

Як паведамляе Рэлігійна-інфармацыйная служба Украіны РІСУ, па ініцыятыве Суполкі ўкраінскай моладзі праходзіць акцыя «Сопричастя» на знак духоўнай еднасці з тымі пакаленнямі ўкраінцаў, якія пацярпелі ў часы Галадамору і тэрору. У сваім закліку арганізатары акцыі пішуць:

«У чарадзе мемарыяльных мерапрыемстваў важна не згубіць памяць пра самога чалавека, які стаў ахвяраю той неабвешчанай вайны.

Нярэдка мы ўзгадваем пра сам факт голаду 1932–1933 гадоў, пра тых, хто за ім стаіць, але не ў стане адчуць той жах, перад якім сам-насам апынуўся звычайны ўкраінец, з чыёй хаты забралі апошняе зернейка, чыя вёска ўзята ў кола вартавых, чые дзеці просяць есці.

Каб гэта адчуць, трэба перажыць, або, прынамсі, паспрабаваць гэта зрабіць. Менавіта гэта і з’яўляецца адной з мэт акцыі „Сопричастя“, пакліканай ушанаваць памяць ахвяраў Галадамору праз пост, малітвы і добрыя справы», — сказана ў закліку.

Тыя, хто вырашае ўзяць удзел у акцыі, прымаюць на сябе абавязак устрымлівацца ад ежы на працягу 33 гадзін, з 7-й гадзіны раніцы 27 лістапада да 16-й гадзіны 28 лістапада. На думку арганізатараў, гэта з’яўляецца своеасаблівай ахвярай у памяць пра нявінна загінулых ад голаду 1933 года. Таксама на працягу 33-х гадзін кожны ўдзельнік акцыі павінен зрабіць нейкую добрую справу, мэта якой — дапамагчы бліжняму ў патрэбе.

28 лістапада а 16-й гадзіне ўдзельнікі акцыі духоўна з’яднаюцца ў супольнай малітве за супакой душаў нявінна забітых і памерлых у выніку Галадамору.

Абноўлена 27.11.2020 15:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.