Пошук

24.11.2020 13:43   Паводле: Sib-catholic.ru / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

24 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Андрэя Зунг-Лака і яго паплечнікаў, мучанікаў. Андрэй Зунг-Лак — першы каталіцкі святар, які быў па нацыянальнасці в’етнамцам, адзін з многіх в’етнамскіх мучанікаў, якія пралілі кроў за Хрыста ў XVI-XIX стагоддзях.

Як адзначае Sib-catholic.ru, у рэгіёнах Танкін, Анам і Кахінхін, якія сёння складаюць В'етнам, евангельская Добрая Навіна ўпершыню прагучала ў XVI ст. Пры гэтым з 1625 па 1886 год там, за выключэннем дастаткова кароткіх перыядаў зацішша, бушаваў жорсткі пераслед, пасродкам якога мясцовыя ўлады імкнуліся знішчыць парасткі маладога Касцёла.

За тры стагоддзі больш за 130 тысяч хрысціян памерлі смерцю мучанікаў.

Жорсткасць катаў не зламала палымянага духу вызнаўцаў веры: будучы абезгалоўленымі, задушанымі, укрыжаванымі, распілаванымі, чвартаванымі, зведаўшы жудасныя катаванні ў турмах і на рудніках, яны дазволілі заззяць славе Пана.

19 чэрвеня 1988 г. Папа Ян Павел ІІ далучыў да шэрагу святых 117 мучанікаў розных нацыянальнасцяў, касцёльнага статусу і сацыяльнага становішча, якія аддалі жыццё за Хрыста на тэрыторыі В'етнама. Першым у іх спісе стаяла імя святара Андрэя Зунг-Лака, які прыняў мучаніцкую смерць у 1839 г. і якога беатыфікаваў Папа Леў XIII у 1900 г. — Юбілейным Годзе Адкуплення.

24 лістапада — дзень мучаніцкай смерці некаторых з гэтых святых.

Андрэй Зунг-Лак (імя пры нараджэнні — Чан Ан Зунг) нарадзіўся ў язычніцкай сям’і ў 1795 г., хрысціянства прыняў у 15 гадоў. 10 гадоў працаваў на ніве Пана як катэхізатар, у 25 гадоў пачаў рыхтавацца да прыняцця святарства.

Стаў святаром у 1823 г., займаўся актыўнай пастырскай працай ва ўмовах пераследу ў дыяцэзіі Ке-Дам.

У 1835 г. быў у першы раз арыштаваны, але каталіцкая супольнасць змагла яго выкупіць за тры зліткі срэбра. У 1839 г. быў зноў арыштаваны, адмовіўся адрачыся ад веры, пасля чаго перанёс катаванні і быў пакараны смерцю праз абезгалоўліванне ў Ханоі 21 снежня 1839 г.

Абноўлена 24.11.2020 15:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця