22 лістапада ўрачыстасцю Хрыста Валадара Сусвету ў Бельгіі завяршыўся фестываль Venite adoremus — душпастырская акцыя, якая заключаецца ў няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу адзінаццаці дзён і начэй напрыканцы літургічнага года.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтая ініцыятыва з’явілася ў 2007 годзе і першапачаткова ахоплівала толькі тры парафіі. Цяпер да яе далучыліся вернікі з усіх бельгійскіх дыяцэзій.
Як адзначаецца, сёлетні фестываль Venite adoremus вернікі ўспрынялі асабліва, паколькі з 2 лістапада ў Бельгіі дзейнічае забарона на правядзенне публічных цэлебрацый святой Імшы. Тым не менш, касцёлы застаюцца адчыненымі.
Каб даць магчымасць як мага больш шырокага доступу да Найсвяцейшага Сакрамэнту, адарацыі адбываліся не толькі ў больш як 300 парафіяльных касцёлах, але таксама ў капліцах манаскіх супольнасцяў і дамоў састарэлых.
З-за таго, што ў Бельгіі цяпер дзейнічае каменданцкая гадзіна, начная адарацыя адбывалася ў прыватных дамах.
Пра нечаканую папулярнасць гэтай акцыі Ватыканскаму Радыё распавяла Мары-Аньес Мізон, каардынатар фестывалю, кансэкраваная панна Брусэльскай архідыяцэзіі:
«Для мяне гэта прыгожая ілюстрацыя прыпавесці пра зерне гарчыцы. Гэта не была запланаваная акцыя, ніхто не разлічваў, што яна ахопіць усе парафіі ў Бельгіі. Гэта маленькае зернейка прынесла шчодры плод.
Гэта таксама паказвае, што сярод вернікаў і наогул ва ўсім грамадстве існуе вялікая патрэба ў духоўным жыцці, у праўдзе, у засяроджанні і ў Езусе Эўхарыстычным. Час, праведзены перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, дазваляе лепш прыняць і зразумець ласку Эўхарыстыі. Мы бачым, што гэта — сам Езус, які дае сябе нам, які прыходзіць, каб пасяліцца ў нас. А калі потым мы ідзем у свет, то ведаем, што ў нас ёсць прысутнасць, якая большая за нас», — сказала каардынатар фестывалю.
«Сёлетні фестываль стаў для нас вялікім выклікам. Найпрасцей ва ўмовах пандэміі было б наогул ад яго адмовіцца. Аднак мы прынялі гэты выклік. Гэта патрабавала даверу і крэатыўнасці, каб выканаць прадпісанні ўладаў.
Але такім чынам мы змаглі паказаць, што Касцёл па-ранейшаму прысутнічае, што ён блізкі да людзей, якія маюць патрэбу ў духоўным жыцці.
Людзі прыходзяць на адарацыю таксама з-за таго, што многім з іх цяжка маліцца дома. Ім патрэбна выйсці са штодзённай абстаноўкі і пайсці ў касцёл, каб там правесці час, прысвечаны выключна Богу», — дадала Мары-Аньес Мізон.