На ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, якая сёлета адзначаецца ў нядзелю 26 лістапада, супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з рэктарам, ксяндзом канонікам Віталем Вайцяхоўскім, кіруе традыцыйны ліст да вернікаў Касцёла на Беларусі.
Ліст ад супольнасці
Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
на ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету
26 лістапада 2023 года
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, дабрадзеі і сябры Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне!
Езус Хрыстус — Пераможца, Пан Сусвету і Валадар! Словы гэтай песні гучаць з асаблівай моцай у нашых святынях, бо сёння ў паўсюдным Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету.
Для разумення духоўнага сэнсу сённяшняй урачыстасці давайце нагадаем гістарычны кантэкст. У літургічны каляндар яна была ўведзена 11 снежня 1925 года Папам Піем ХІ энцыклікай «Quas primas». Пачатак ХХ стагоддзя — нестабільныя, незразумелыя і неадназначныя часы, калі зямныя ўладары гублялі ўладу, якую вельмі цанілі. У гэтым становішчы Святы Айцец хацеў скіраваць сэрца кожнага католіка, ды і кожнага чалавека, да сапраўдных каштоўнасцей, якія не прамінаюць, і звярнуць увагу людзей на высакародныя ідэалы. Ён нагадваў, што толькі Хрыстус — Альфа і Амега, пачатак і канец усяго, падкрэсліваючы іншасць Валадарства Хрыста.
Учора і сёння Хрыстовым Касцёлам абвяшчаецца тая ж самая праўда аб тым, што Хрыстус — Валадар Любові, і Ён хоча пачаць сваё Валадарства ў сэрцах людзей. Жадае, каб на свеце запанавалі Божы лад, Божая праўда, справядлівасць і любоў, якія і з’яўляюццца прынцыпамі гэтага Валадарства.
Урачыстасць Хрыста Валадара паказвае нам, па сутнасці, канчатковую мэту чалавечага жыцця, гэта значыць аб’яднанне з Богам і праслаўленне Яго любові ў Валадарстве Божым.
Валадарства Хрыста праяўляецца ў збаўленні кожнага чалавека, каб грэх і смерць не панавалі над родам чалавечым. Праз сваю смерць на крыжы Ён даў доказ вялікай любові да ўсіх людзей і, даруючы нашы грахі, прымірыў нас з Богам Айцом і зрабіў новым выбраным народам.
Нам таксама неабходна, дарагія браты і сёстры, яшчэ больш уважліва прыгледзецца да паслання Слова Божага з сённяшняй урачыстасці.
У першым чытанні вуснамі прарока Эзэхіэля Пан Бог кажа: ЁН сам будзе шукаць авечак, бо з гісторыі выбранага народа ведаем, што час дзеяння гэтага прарока прыпадае на час крызісу, калі тыя, хто былі пакліканыя на пастыраў, гэта значыць валадары і старэйшыны народа, зняверыліся і не жадалі спаўняць свайго паклікання. Бог вырашае сам стаць «дасканалым» пастырам для свайго статка і паклапаціцца пра яго. Калі б мы чыталі кнігу прарока далей, то зразумелі б: Бог прадказвае, што над сваім народам паставіць адзінага дасканалага Пастыра і заключыць Новы Запавет (Эзх 34, 23–25). Прарок не кажа дакладна пра час і спосаб, якім Усемагутны гэта ўчыніць.
Мы ж, хрысціяне, атаясамліваем Хрыста як «адзінага і дасканалага Пастыра». Хрыстус выбраў дванаццаць апосталаў, каб мець памочнікаў у здзяйсненні пастырскай улады. Выбіраў, выбірае цяпер і будзе выбіраць далей!
Менавіта для таго, каб падрыхтаваць пастыраў «паводле Хрыстовага Сэрца», існуе такая навучальная ўстанова, як Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя, адзіная ў нашай краіне на дадзены момант, якая з часу свайго заснавання з 1990 года выхавала больш за 220 пастыраў-святароў для Беларусі і блізкага замежжа, а цяпер тут выхоўваюцца 30 будучых пастыраў для нашых дыяцэзій. Гэты працэс займае мінімум сем гадоў і, вядома, патрабуе духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі.
Духоўная падтрымка — гэта, перш за ўсё, малітва, як індывідуальная, так і ў супольнасці Касцёла ў кожны першы чацвер месяца; гэта пост, які ахвяруюць некаторыя хрысціяне ў інтэнцыі пакліканняў, а таксама іншыя формы і спосабы духоўнай ахвярнасці. Патрабуе семінарыя і матэрыяльных сродкаў, бо існуе ў рэальным свеце, дзе іх трэба мець, каб утрымліваць будынак, вырашаць гаспадарчыя справы, узнагароджваць выкладчыкаў і свецкіх працаўнікоў. Таму і адважваемся пры гэтай нагодзе прасіць вашыя добрыя сэрцы аб духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы.
Рэспансарыйны псальм нагадвае кожнаму, хто слухае, што Пан — добры Пастыр, які вялікім клопатам атуляе кожнага з нас. Таму пытанне скіроўваецца і да кожнага з нас: «Ці я дазваляю Пану быць для мяне пастырам і ці хачу я слухаць Ягоны голас?»
Чытанне з Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў кажа нам пра тое, што перамога Хрыста Валадара будзе поўнай і безумоўнай, а апошнім ворагам для чалавецтва будзе смерць.
Сам Хрыстус яе ўжо перамог у хвіліну свайго Змёртвыхпаўстання. У жыцці паўсюднага Касцёла гэтае панаванне смерці пераадольваецца праз сакрамант хросту, які акунае нас у смерць і Змёртвыхпаўстанне Хрыста і дае пачатак жыццю звышнатуральнаму, якое не падпарадкоўваецца смерці. Але гэта яшчэ не поўная перамога — здзейсніцца яна пры паўсюдным змёртвыхпаўстанні, калі не будзе ніводнага граху і смерць больш не «дакранецца сваім джалам» да тых, хто даверыўся Хрысту. Айцец прыме ад Хрыста Яго Валадарства і новы народ Божы. «Тады Хрыстус перадасць Валадарства Богу і Айцу, каб Бог быў усё ва ўсім» (1 Кар 15, 28). Так спрабаваў святы Павел чалавечым розумам і мовай растлумачыць праўду аб Валадарстве Божым і Яго Узлюбленага Сына Езуса Хрыста ў адзінстве Святога Духа.
У Евангеллі сённяшняй нядзелі мы чуем, што Хрыстус-Пастыр прыйдзе ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. І сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, авечак ад казлоў. Ведаем словы Хрыста, скіраваныя да адных і другіх: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Словы Хрыста паказваюць нам шлях да Яго Валадарства. Ён не кажа нам пра прынцыпы правільнасці веры, але кажа пра ўчынкі любові; пра тое, што павінна выплываць з гэтай веры.
Для Хрыста неабыякавы ніводзін чалавек. Ён клапоціцца пра тых, хто пазбаўлены зямной велічы, і асабліва праяўляе любоў і схіляецца перад тымі, хто абцяжараны жыццём, галодны, бедны, хворы і зняволены, бо сам зведаў гэта ў зямным жыцці. Для гэтых людзей Езус з’яўляецца аўтэнтычным Валадаром любові і міласэрнасці. Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам, што чалавечае жыццё і ўсё, што вакол нас, мае свой пачатак і завяршэнне ў Богу. Езусу Хрысту, «Валадару Валадароў», мы аддаём нашу даніну павагі, хвалу і пашану, і найлепшым праяўленнем прызнання ўлады Хрыста з’яўляецца дзейсная любоў.
Браты і сёстры! Кожны дзень мы кажам у малітве «Прыйдзі Валадарства Тваё», але гэта не толькі просьба, а яшчэ і пытанне да кожнага з нас: «Што мне трэба рабіць, каб Божае Валадарства ўваходзіла ў маё жыццё?»
Гэта не толькі спроба прызнаць Езуса Хрыста Валадаром нашых сэрцаў і Правадыром у асабістым і грамадскім жыцці, але і свядомае імкненне да таго, каб шчыра прымаць удзел у Эўхарыстыі, шчыра пазнаваць Святое Пісанне і рэалізоўваць яго вучэнне ў жыцці. А яшчэ спытаць сябе шчыра: як павінна выглядаць мая штодзённая малітва? Усё гэта перарастае ў роздум аб нашай прысутнасці ў Валадарстве Хрыста; аб тым, ці знаходзіцца Езус і Яго вучэнне ў цэнтры нашага жыцця, ці не абмяжоўваем мы сферу яго ўплыву.
Сёння мы перажываем «семінарыйную нядзелю», і напрыканцы гэтага паслання-звароту хачу звярнуцца са словамі падзякі да вас, браты і сёстры! Дзякуем шчыра, што семінарыя ў Гродне можа існаваць і выконваць сваю фармацыйную задачу дзякуючы Вашай зычлівай дапамозе.
Гэта вы з’яўляецеся сябрамі і дабрачынцамі нашай навучальнай установы, пастаяннай крыніцай духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі, якую кожны дзень мы адчуваем. Сёння мы гаворым шчыра: няхай Бог аддзячыць вам за дабрыню і ахвярнасць вашых сэрцаў.
Хочацца падкрэсліць, што нават у самыя цяжкія часы семінарыя атрымлівала падтрымку ад вернікаў. Таму мы і сёння з «адважнай надзеяй» звяртаемся да вас з сардэчнай просьбай аб малітве і матэрыяльнай падтрымцы, неабходнай для функцыянавання нашай семінарыі. Яна не атрымлівае фінансавай дапамогі з боку дзяржавы, паколькі гэта касцёльная ўстанова для выхавання пастыраў для Божага люду. Дзякуем Вам за ахвяраванні, складзеныя сёння, за сабраныя і прывезеныя для нас прадукты харчавання. Мы выказваем падзяку нашым ахвярадаўцам праз штодзённую малітву за іх у семінарыйнай супольнасці.
Няхай Добры Бог кожнаму аддзячыць і кожнага благаславіць, а Найсвяцейшая Панна Марыя мае ў сваёй апецы!
З памяццю ў малітве,
кс. Віталь Вайцяхоўскі, рэктар,
выхаваўцы і выкладчыкі разам з клерыкамі
Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне