Пошук

13.11.2020 14:37   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Трохмерная выява адбітку Чалавека на Турынскай плашчаніцы.Фота: sspxflorida.com

«Сапраўднае аблічча Бога. Таямніцы Турынскай плашчаніцы ў святле апошніх навуковых доследаў» — так гучыць назва кнігі Яна Стэфана Яворскага, прафесара хіміі на пенсіі, супрацоўніка Польскага цэнтра даследванняў Плашчаніцы.

Як перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у выданні якое нядаўна ўбачыла свет, аўтар прадстаўляе вынікі навуковых доследаў, якія праводзіліся над вялікай рэліквіяй хрысціянства на працягу мінулага дзесяцігоддзя.

Выкарыстанне найбольш сучасных фізіка-хімічных тэхналогій дазволіла знайсці новыя ашаламляльныя сляды на палатне Турынскай плашчаніцы, якія, насуперак сумненням апанентаў, пацвярджаюць меркаванне пра тое, што ў яе было ахінута Цела знятага з крыжа Хрыста.

Да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі вакол Турынскай плашчаніцы, якую некаторыя лічаць вялікай рэліквіяй хрысціянства, а іншыя — сярэднявечнай падробкай. Нягледзячы на шматлікія спробы экспертаў, ім не ўдалося ўстанавіць тое, якім чынам на палатне з’явіўся адбітак Чалавека. Даследчыкі з міжнароднай навуковай групы STURP не знайшлі ў вывучаных фрагментах тканіны ніякіх фарбаў і пігментаў. Сляды на палатне сталі вынікам уздзеяння фізічных і хімічных працэсаў, якія магчыма было б правесці ў лабараторыі, але гэта не тлумачыць таго, як узнікла Турынская плашчаніца.

У кнізе прафесара Яворскага прадстаўлены вынікі навуковых доследаў, падчас якіх быў праведзены аналіз мікраскапічнай структуры проб, іх крысталаграфічнай і малекулярнай структуры, а таксама атамнага складу. Атрыманыя навукоўцамі ашаламляльныя вынікі пацвярджаюць меркаванне пра тое, што ў гэтую тканіну было ахінута Цела знятага з крыжа Хрыста, як пра гэта гаворыцца ў Евангеллі.

Сенсацыйнымі сталі вынікі працы прафесара Джуліё Фанці з Падуанскага ўніверсітэту (Італія), апублікаваныя тры гады таму. Фанці даводзіць, што абсалютна немагчыма, каб хтосьці, хто мае ў распараджэнні набытак веды і тэхнікі Сярэднявечча, быў у стане здзейсніць такую высокатэхналагічную падробку.

«Вялікая рэліквія, сведка Мукі і Уваскрасення Хрыста, крые ў сабе безліч таямніц. Навука дазваляе нам зблізу зазірнуць у Твар Бога», — сцвярджае прафесар Ян Стэфан Яворскі.

Турынская плашчаніца — гэта льняная палатніна даўжынёй 4,4 і шырынёй 1,1 м, на якой відаць адбітак Чалавека спераду і ззаду са слядамі катаванняў, што адпавядаюць евангельскаму апісанню Мукі Хрыста. З другой паловы XVI ст. Плашчаніца захоўваецца ў катэдры св. Яна Хрысціцеля ў Турыне, а яе гісторыя адлюстравана ў дакументах, пачынаючы з сярэдзіны XIV ст.

На працягу доўгага часу вакол Турынскай плашчаніцы не змаўкаюць спрэчкі: ці гэта арыгінальная пахавальная палатніна, у якую было ахінута Цела Хрыста пасля смерці на крыжы, або сярэднявечная падробка, прычым настолькі геніяльная, што навука ХХІ ст. не можа яе растлумачыць.

Адказ на пытанне пра аўтэнтычнасць Турынскай плашчаніцы могуць даць толькі навукоўцы. Ён не адносіцца да «выключнай кампетэнцыі Касцёла», паколькі «гаворка не ідзе пра прадмет веры», як сказаў падчас выстаўлення Плашчаніцы ў 1998 годзе святы Ян Павел ІІ.

Разам з тым Вялікі Папа, стогадовы юбілей з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета, ад імя Касцёла заахвоціў навукоўцаў «даследваць Плашчаніцу без прадузятасці, якая прывяла б да фальшывых вынікаў; <…> дзейнічаць з унутранай свабодай і поўным павагі клопатам, як з пункту гледжання навуковай метадалогіі, так і пачуццяў вернікаў».

Святы Ян Павел ІІ назваў Турынскую плашчаніцу «адлюстраваннем Евангелля» і «каштоўнай выявай, якую ўсе бачаць, яле якой ніхто — прынамсі, пакуль — не можа растлумачыць».

Абноўлена 13.11.2020 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.