Пошук

01.05.2024 09:18   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia commons

Спецыяльнага выстаўлення Турынскай плашчаніцы падчас Святога года не будзе, аднак пры ёй будуць арганізаваныя спецыяльныя чуванні для моладзі.

Ак паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, пра гэтую юбілейную ініцыятыву абвясціў Мітрапаліт Турынскі арцыбіскуп Рабэрто Рэполе.

«Мы хочам, каб адкрыццё нанава Плашчаніцы — маўклівай сведкі смерці і ўваскрасення Езуса — стала для моладзі шляхам пазнаць Касцёл і знайсці ў ім сваё месца», — адзначыў арцыбіскуп Рэполе на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі юбілейных мерапрыемстваў. Турынскі іерарх падкрэсліў, што для гэтага архідыяцэзія мае намер выкарыстоўваць найноўшыя сродкі камунікацыі, якія з’яўляюцца часткай штодзённага жыцця маладога пакалення. Каля катэдры, дзе захоўваецца Турынская плашчаніца, будзе ўсталяваны велізарны мультымедыйны намёт, у якім будзе прадстаўлена гісторыя і пасланне гэтай бясцэннай рэліквіі, «напісанай» целам Езуса. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы прэзентацыі бярэ моладзь, у тым ліку звязаная з Фондам благаслаўлёнага Карло Акуціса, які па натхненні Божага Провіду змог выкарыстоўваць Інтэрнэт для евангелізацыі.

«Мы хочам, каб час Юбілею 2025 года дапамог асабліва маладым людзям задумацца над хвалюючымі іх пытаннямі, што датычацца смерці, болю і надзеі, якіх так шмат паўстае ў свеце, пазначаным войнамі і няроўнасцю», — сказаў арцыбіскуп Рэполе. Іерарх падкрэсліў, што план юбілейных мерапрыемстваў у гэтым горадзе будзе паступова канкрэтызавацца, каб найбольш адпавядаць чаканням пілігрымаў і турыстаў. «Святы Год — гэта цудоўная магчымасць для евангелізацыі, якую нельга змарнаваць», — сказаў арцыбіскуп Турынскі.

«Юбілейнае падарожжа» пачнецца ў Турыне ўжо сёлета 4 мая візітам кардынала П’ербатысты Піццабалы, лацінскага Патрыярха Ерузалема, які прасіў, каб перад Плашчаніцай не спынялася малітва аб міры на радзіме Езуса. Іерарх падзеліцца сведчаннем драматычнай сітуацыі на Святой Зямлі.

Дата выбрана не выпадкова: на яе прыпадае літургічны ўспамін Турынскай плашчаніцы.

Спецыяльную булу аб устанаўленні гэтага свята выдаў Папа Юлій ІІ 25 красавіка 1506 года, увёўшы Імшу аб святой Плашчаніцы і вызначыўшы дзень 4 мая датай штогадовай літургічнай цэлебрацыі.

Абноўлена 01.05.2024 09:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.