Пошук

12.11.2020 16:49   Паводле: Vatican News
Фота: Рixabay.com

«Жыллё застаецца для многіх еўрапейцаў мэтай, якую цяжка дасягнуць і ўтрымаць», — звяртаюць увагу аўтары Дасье на тэму заканадаўчага аналізу рэалізацыі на еўрапейскім кантыненце права на жыллё.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, аналіз падрыхтавала дабрачынная каталіцкая арганізацыя Caritas у Італіі, прымеркаваўшы яго да 31-й гадавіны падзення Берлінскай сцяны і 70-годдзя Дэкларацыі Шумана.

«Мы правялі, магчыма, крыху рызыкоўную паралель, якая, аднак, адлюстроўвае падзенне адной сцяны і адсутнасць хатніх сцен, якія маглі б вярнуць людзям годнасць», — патлумачыў віцэ-старшыня дабрачыннай арганізацыі Паоло Бэчэгата ў інтэрв’ю Vatican News.

«Больш за 23 мільёны сем’яў, каля 10,4% насельніцтва Еўрасаюза, трацяць звыш 40% заробку на ўтрыманне ўласнага жылля, і амаль дзевяць мільёнаў сем’яў жывуць у нездавальняючых умовах»,

— сцвярджаецца ў Дасье. З яго вынікае, што ў Еўропе налічваецца 700 тысяч бяздомных; за дзесяць гадоў гэтая лічба павялічылася на 70%.

У Італіі больш за 1,8 млн сем’яў знаходзяцца ва ўмовах абсалютнай беднасці. Неабходнасць арэндаваць жыллё толькі пагаршае сітуацыю. У краіне 51 тыс. бяздомных, умовы якіх пагоршыліся яшчэ больш у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Сёння дзяржаўнае жыллё Італіі складае 4% нацыянальнага жыллёвага фонду і такім чынам ахоплівае мінімальную долю насельніцтва — пятую частку рынку арэнднага жылля. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе.

«Чатыры мільёны маладых людзей ва ўзросце ад 25 да 39 гадоў усё яшчэ жывуць у бацькоўскіх дамах; чатыры мільёны замежных работнікаў арэндуюць жыллё»,

— адзначаюць аналітыкі італьянскай Caritas.

У межах еўрапейскага заканадаўства права на жыллё ўваходзіць у выключную кампетэнцыю кожнай асобна ўзятай дзяржавы. «Па гэтай прычыне сістэма дзяржаўнай жыллёвай палітыкі аказваецца неаднароднай, а ўзровень даступнасці жылля — нераўнамерны. Тым не менш, у Еўропе назапашаны багаты інавацыйны вопыт, з якога можна пачарпнуць карысныя кірункі працы, каб спрыяць лепшаму выкананню фундаментальнага права на годнае жыллё», — падсумавалі аўтары дакумента.

Абноўлена 13.11.2020 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.