24 кастрычніка арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала, які на працягу чатырох апошніх гадоў быў Апостальскім адміністратарам Ерузалемскага лацінскага Патрыярхату, Папам Францішкам быў менаваны лацінскім Патрыярхам Ерузалема.
Паведамляючы пра гэта, Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ нагадвае, што папярэднікі арцыбіскупа Піцабалы на гэтай высокай пасадзе былі арабскага паходжання, а цяпер Патрыярхам стаў 55-гадовы італьянец.
Новы Патрыярх даволі вядомая на Святой Зямлі асоба.
Гэты францішканін добра знаёмы са складанымі і поўнымі канфліктаў рэаліямі жыцця на Блізкім Усходзе, таму пасля таго, як яго папярэдніку Патрыярху Фуаду Туалю споўнілася 75 гадоў, у чэрвені 2016 года Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа П’ербатысту Піцабалу Апостальскім адміністратарам. На гэтай пасадзе іерарх, між іншым, упарадкаваў кіраванне фінансамі Патрыярхату і выплаціў вялікую частку пазыкаў.
У складанай сітуацыі палестына-ізраільскага канфлікту новы Патрыярх выступае за аднаўленне дыялогу і даверу паміж яго бакамі.
«Хрысціяне на Святой Зямлі клапоцяцца пра такі дыялог, які грунтуецца на супольным жыцці», — кажа арцыбіскуп Піцабала.
П’ербатыста Піцабала нарадзіўся 21 красавіка 1965 года непадалёк ад Бергама ў Італіі, вывучаў тэалогію і філасофію ў Балоньі. Прыняўшы ў 1990 годзе святарскае пасвячэнне, прыехаў у Ерузалем, дзе пасля заканчэння курсу біблістыкі выкладаў габрэйскую мову ў вышэйшай школе францішканаў. Дзякуючы добраму валоданню габрэйскай мовай і ўсталяваным кантактам з прадстаўнікамі ізраільскага грамадства, ордэн даручыў айцу Піцабалу душпастырства габрэйскамоўных хрысціянаў у Ерузалеме. Выбраны ва ўзросце 38 гадоў кусташам, стаў другім з самых маладых у гісторыі кіраўнікоў францішканскай Кустодыі на Святой Зямлі.
Каталіцкі Ерузалемскі Патрыярхат ахоплівае вернікаў, якія жывуць на тэрыторыі Ізраіля, Палестыны, Ярданіі і Кіпра. Паводле статыстычных дадзеных, дыяцэзія налічвае 321,5 тыс. католікаў лацінскага абраду ў 71 парафіі.
Як са спасылкай на паведамленне Ерузалемскага Патрыярхату зазначае КАІ, католікі рэгіёна з радасцю і ўдзячнасцю прынялі вестку пра намінацыю Патрыярхам арцыбіскупа П’ербатысты Піцабалы. Яны жадаюць яму поспехаў у выкананні «надзвычайных заданняў у надзвычайных абставінах».