Пошук

21.10.2020 15:13   Паводле: Vatican News / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Vatican News

20 кастрычніка пасля экуменічнай малітвы ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Арачэлі Папа Францішак удзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі на Капіталійскім пагорку, арганізаванай Супольнасцю святога Эгідзія ў межах міжрэлігійнай сустрэчы «Ніхто не збаўляецца ў адзіночку. Мір і братэрства».

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, на гістарычнай плошчы Кампідольё прагучалі выступленні Прэзідэнта Італіі Серджо Матарэлы, Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея, прадстаўнікоў юдаізму, ісламу, будызму, сікхізму і індуізму.

Прывітаўшы гасцей, Папа адзначыў, што гэтая міжрэлігійная малітва праходзіць у духу сустрэчы ў Асізі, скліканай святым Янам Паўлам ІІ у 1986 г.

З таго часу Супольнасць св. Эгідзія штогод праводзіць малітоўныя сустрэчы ў імя міру паміж вернікамі розных рэлігій.

У гэтым бачанні міру, заўважыў Пантыфік, было прароцкае зерне, якое паступова выспявала ў беспрэцэдэнтных сустрэчах, міратворчых ініцыятывах, новых перспектывах братэрства.

Святы Айцец падкрэсліў, што, нягледзячы на балючыя падзеі мінулых гадоў — такія, як канфлікты, тэрарызм ці радыкалізм, часам у імя рэлігіі, — належыць прызнаць плённыя крокі ў дыялогу паміж рэлігійнымі канфесіямі. Гэта, па яго словах, знак надзеі, які пабуджае нас працаваць разам як браты; у прыватнасці, ён праявіўся ў «Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні», які Папа Францішак падпісаў разам з вярхоўным імамам «Аль-Азхара» Ахмедам Эль-Таебам у 2019 г.

Пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў, што «запаведзь міру закладзена ў глыбіні рэлігійных традыцый»: разнастайнасць рэлігій не апраўдвае абыякавасці або варожасці. Ён заўважыў, што, сыходзячы са свайго веравызнання, можна стаць «рамеснікамі міру, а не заставацца інертнымі назіральнікамі зла вайны і нянавісці».

Папа дадаў, што рэлігіі пакліканы служыць міру і братэрству, менавіта таму гэтая сустрэча пабуджае рэлігійных лідараў і ўсіх вернікаў настойліва маліцца аб міры, якога асабліва патрабуе наша планета.

Святы Айцец падкрэсліў, што нельга заставацца абыякавымі: у свеце ёсць шмат «забытых войнаў», якія да гэтага часу з'яўляюцца прычынай пакутаў і беднасці. Па яго словах, палітыка і грамадскае меркаванне рызыкуюць прывыкнуць да зла вайны як натуральнага спадарожніка гісторыі народаў, аднак нельга забываць пра пакутуючых, бежанцаў, ахвяраў канфліктаў, пра жанчын, якія страцілі сваіх дзяцей, пра знявечаных і пазбаўленых дзяцінства дзяцей.

«Сёння пакуты з-за войнаў узмацняюцца пандэміяй каранавірусу і немагчымасцю з боку многіх краін атрымаць доступ да неабходнага лячэння, — падкрэсліў Папа. — Між тым канфлікты працягваюцца, а разам з імі — боль і смерць. Спыненне вайны з'яўляецца неадкладным абавязкам усіх палітычных лідараў перад Богам. Мір — гэта прыярытэт любой палітыкі.

Бог будзе патрабаваць справаздачы ў тых, хто не шукаў міру або распальваў напружанасць і канфлікты кожны дзень, месяцы, гады вайны, на працягу якіх пакутавалі народы».

Пантыфік звярнуў увагу, што Езус з глыбокай мудрасцю заклікае людзей скласці зброю, каб не загінуць ад яе, і гэта адназначны адказ, які паўтарае Касцёл на любую праяву гвалту: «Хопіць мячоў, зброі, гвалту, войнаў!» — бо кожная вайна робіць свет горшым, чым ён быў да яе. Папа падкрэсліў, што ў адзіночку ні адзін народ, ніводная сацыяльная група не зможа дасягнуць міру, дабра, бяспекі і шчасця. Урокі гэтай пандэміі, дадаў ён, паказваюць, што «сусветная супольнасць знаходзіцца ў адной лодцы, дзе зло з боку аднаго наносіць шкоду ўсім», таму выратавацца можна толькі супольна.

Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што братэрства, якое ўзнікае з усведамлення адзінства ўсяго чалавецтва, павінна пранікаць у жыццё народаў, супольнасцяў, валадароў, міжнародных форумаў. Ён адзначыў, што трэба сустракацца, весці перамовы, адмаўляцца ад канфліктаў, дамаўляцца аб прымірэнні, стрымліваць «лексікон палітыкі і прапаганды», распрацоўваючы канкрэтныя шляхі да міру.

У канцы звароту Пантыфік падкрэсліў: гэтая сустрэча ясна паказвае, што рэлігіі не хочуць вайны — наадварот, яны абвяргаюць тых, хто асвячае гвалт.

Па словах Папы, людзі розных веравызнанняў просяць усіх маліцца аб прымірэнні і дзейнічаць так, каб братэрства адкрывала новыя шляхі надзеі.

У канцы сустрэчы рэлігійныя лідары і грамадзянскія дзеячы ўшанавалі памяць ахвяраў пандэміі каранавірусу і ўсіх войнаў хвілінай маўчання, падпісалі сумесны заклік да міру на зямлі і запалілі сімвалічны светач міру.

Абноўлена 21.10.2020 15:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця